Беларусы цяпер «вінныя» Кітаю за «падарунак» – басейн з іерогліфамі, які мог бы прыняць ЧС, каб не нюанс
А вы ведалi, што народ нiбыта не шкадуе грошай на спартсменаў?
6 лістапада Аляксандр Лукашэнка i яго памагатыя адкрывалі басейн на вуліцы Кальварыйскай ў Мінску, што з 2020 года будаваўся прадстаўнiкамi Кiтая. Гэты аб’ект ішоў «пакетам» з «нацыянальным футбольным стадыёнам», які таксама хутка павінны ўвесці ў эксплуатацыю. Наогул у Кітаі даўно распрацаваная методыка так званай «стадыённай дыпламатыі», у рамках якой за арэны азіяты атрымліваюць карысныя выкапні або буйныя эканамічныя праекты.
На адкрыццi Лукашэнка вяшчаў, што басейн пабудавалi на кiтайскiя грошы, хаця яшчэ ў 2020-м з’явiлася iнфармацыя, што 235 млн долараў на спартыўныя збудаваннi кiтайцы насамрэч далi ў крэдыт. Заблытаўся дыктатар i ва ўласных словах – сказаў, што да 7 лiстапада (так, душыцель пратэстаў вельмi шануе камунiстычны дзень рэвалюцыi) «мы самi сабе традыцыйна робiм падарункi», але з рознiцай у пару фраз дадаў, што тыя ж «мы», маўляў, «у даўгу перад [кiраўнiком Кiтая] Сi Цзiньпiнам i вялiкiм кiтайскiм народам», а Цзiньпiну ўвогуле заклiкаў паставiць помнiк каля басейна. Таксама дыктатар з нечага выказаўся ад iмя «беларускага народа» – i народ, аказваецца, «не шкадуе грошай для спартсменаў».
Сам Лукашэнка цяпер чакае, што ад з’яўлення басейна беларускiя спартсмены стануць чэмпiёнамi свету – да таго ж гэта з лёгкасцю паабяцалi плыўчыха Алiна Змушка ды сiнхранiстка Васiлiна Хандошка (на яе рахунку хаця б ёсць бронза ЧС-2024, але якiм цудам яна павiнна змянiцца на золата – незразумела). Як быццам усё вырашае адзiн вялiкi аб’ект высокага ўзроўню, а не добрая падрыхтоўка дзяцей. Хаця тут i сам Лукашэнка з сумам успомнiў веласiпеды – адзiн пабудаваны пры «Мiнск-Арэне» велатрэк, якi потым прыняў нават ЧС, не дапамог штампаваць пераможцаў.
Чырвоную стужку ў кампанii дыктатара разрэзалi 21-разовы чэмпіён Паралiмпiяды ў плаванні Ігар Бокі і рэжымнiца-пяцiборка (для якой плаванне – адна з комплекса дысцыплiн) Анастасія Пракапенка, якая вельмi шматслоўна ўзносiла дыктатара ды прымудрулася нават падзякваць яму, кiраўнiку рэпрэсiўнага рэжыма – суагрэсара ў вайне з Украiнай, за нiбыта «бяспеку i мiрнае неба».
Прапаганда ў асвятленнi мерапрыемства зрабiла вялiкi акцэнт на тое, што басейн пабудаваны «па міжнародных стандартах». Калі перакласцi з пафаснага, то больш чым праз 30 гадоў незалежнай гісторыі ў Беларусі ўсё ж з’явіўся першы спарткомплекс, які адпавядае патрабаванням Міжнароднай федэрацыі плавання для правядзення спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню. Для гэтага, ў прыватнасцi, адпавядаць акрэсленым нормам павiнныя тэмпература вады (25–28°С у плаванні, 25–27°С для воднага пола), інтэнсіўнасць святла і нават турбулентнасць, а яшчэ трэба мець шмат тэхнiкi – інфармацыйнае табло для гледачоў, сэнсарныя панэлі, відэакамеры з магчымасцю фіксацыі да 0,01 секунды і гэтак далей.
Плошча новага спарткомплекса ў Мінску складае 40 тысяч квадратных метраў (у стадыёна «Дынама», для параўнання, 47 тысяч), ён падзелены на тры зоны. У спаборніцкай – басейны для плавання (там жа можна зрабiць пляцоўку для воднага пола) i скачкоў у ваду з трыбунамi на 6 з лiшкам тысяч месцаў. У трэнiровачнай – яшчэ адзiн басейн. У грамадскай – 25-метровыя дарослы і дзіцячы басейны, якiя могуць наведваць усе жадаючыя, але са студзеня 2025 года. Пакуль толькi плануецца, што туды дададуць спартыўныя залы, SPA-зону, кафэ і рэстаран з еўрапейскай і кітайскай кухняй. Колькі давядзецца заплаціць за паслугі, не паведамляецца.
Кiтайскi след ясна заўважны – паказальнiкi дублююцца iероглiфамi, а пры скачковай зоне вiсiць банер пра «дапамогу з Кiтая» (што з улiкам згаданай iнфармацыi пра крэдытныя грошы спрэчная заява).
Ёсць у будынку і гідраканал – невялiкi басейн з рэгуляванай плынню. Яго можна выкарыстоўваць для трэніровак, а таксама для біямеханічных, спартыўна-медыцынскіх, псіхалагічных і трэніровачна-метадалагічных даследаванняў. Камусьцi загадалi плаваць нават там падчас таго, як дыктатар хадзiў па аб’екце.
Пакуль басейн на Кальварыйскай будзе трэніровачнай базай зборных Беларусі па водных відах спорту, але прапагандысты таксама заяўляюць, што тут нiбыта «плануюць праводзiць чэмпiянаты свету i Еўропы». Насамрэч нiхто такога не плануе – таму што мiжнародная федэрацыя даўно забаранiла любыя спаборнiцтвы пад сваёй эгiдай у Беларусi ды Расii ў адказ на вайну ва Украiне. Затое так званы «мiнiстр спорту» Сяргей Кавальчук выказаўся рэалiстычна – ён мецiць на старты «ў межах Саюзнай дзяржавы, СНД, БРІКС, ШАС».