Усе навіны

Беларускі паралімпіец: «Шэпелю «намалявалі» групу інваліднасці. Калі б ён выступаў сярод здаровых спартсменаў, то наўрад ці дабіўся б такіх поспехаў»

5 лютага 2023, 11:02

Чалавек з групай інваліднасці і вялікім досведам у паралімпійскім спорце на ўмовах ананімнасці распавёў Tribuna.com пра кіраўніка Паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля.

– Вы лічыце перамогі Шэпеля на Паралімпіядах не зусім заслужанымі?

– Так, лічу. Шэпелю «намалявалі» групу інваліднасці. Калі б ён выступаў сярод здаровых спартсменаў, то наўрад ці дабіўся б такіх поспехаў, але яму дапамаглі трапіць у паралімпійскі спорт, дзе ён і стаў вось такім чэмпіёнам.

У яго ж, дарэчы, ёсць перамогі на чэмпіянатах свету і Еўропы і па міні-футболе, у якім у зборную Беларусі сярод са слабым зрокам таксама набіраюць дзіўна, мякка кажучы. Калі ў чалавека, які гуляе ў футбол, хаця б мінімальныя праблемы са зрокам ці ён вучыўся ў той жа шклоўскай школе-інтэрнаце, то яму робяць групу інваліднасці  – і ўсё, чалавек у зборнай. Адсюль і перамогі на чэмпіянатах свету і Еўропы. Такім жа чынам у зборную ў свой час патрапіў і Шэпель.

Увогуле, думаю, вы разумееце, дзякуючы чаму Алег дабіўся сваіх поспехаў у инваспорте. Хочацца, каб людзі ведалі праўду. Асабліва пасля яго слоў аб тым, што дзяржава правільна робіць, што не дае павышаную пенсію інвалідам.

– Якое ўвогуле стаўленне да Шэпеля ў паралімпійскім свеце Беларусі?

– У нашай сферы з боку сапраўдных інвалідаў вельмі дрэннае стаўленне ў цэлым да таго, што робяць чыноўнікі ў цяперашнім паралімпійскім спорце. Мы лічым, што ў Паралімпіядах павінны ўдзельнічаць тыя, у каго сапраўды ёсць праблемы з тым жа зрокам, а плывец Ігар Бокі — здаровы чалавек, які выдатна бачыць, дзе адштурхоўвацца ад борціка, як і калі гэта рабіць, але пры гэтым чамусьці выступае на Паралімпіядах, стаў 16-разовым чэмпіёнам. Пры гэтым ён таксама ездзіць на машыне, мае правы. А як іх выдадуць інваліду па зроку? Гэта ж абсурд. І вось такія справы робяцца пры Шэпелі. Я лічу, што гэта ўсё няправільна.

А да самога Шэпеля стаўленне ў паралімпійскім свеце Беларусі зараз, напэўна, ужо больш абыякавае. Мы ўжо махнулі на яго рукой, ужо нічога добрага не чакаем. Інваліды ведаюць, што Шэпель проста бравіруе тым, што скончыў спецшколу.

– Як спартсмены ўспрынялі перавыбранне Шэпеля ў студзені?

– Гэта было відавочна. Наогул ніхто не здзівіўся, - сказаў суразмоўца Tribuna.com.