Першы віцэ-прэзідэнт ФЛА Расіі Прывалава: «Спартсмены і грамадзяне РФ, якія не падтрымліваюць рашэнне Пуціна, не павінны прадстаўляць краіну»
Першы віцэ-прэзідэнт Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ВФЛА) Ірына Прывалава выказалася аб магчымым допуску спартсменаў з Расіі і Беларусі ў складзе зборнай «бежанцаў» на Алімпійскія гульні ў Парыжы.
«Спартсмены і любы грамадзянін Расіі, якія не падтрымліваюць рашэнне прэзідэнта, не павінны прадстаўляць краіну.
Я думаю, што тыя, хто не падтрымлівае [вайну ва Украіне], ужо з'ехалі. А тыя, хто застаюцца, падтрымліваюць яе», – заявіла Прывалава.
Нагадаем, міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук выступіў з прапановай дапусціць да гульняў спартсменаў з Расіі і Беларусі, якія з'яўляюцца дысідэнтамі ў адносінах да палітыкі ўрада сваіх дзяржаў, у складзе зборнай «бежанцаў».
Многія беларускія і расійскія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.