Усе навіны

Падпісантка за сумленныя выбары Максімава: «Не хачу ведаць тых, хто выступае зараз на спаборніцтвах у Беларусі»

8 сакавіка 2023, 16:18

Лёгкаатлетка і падпісантка за сумленныя выбары Яна Максімава выказалася пра людзей, якія не выехалі з Беларусі.

– Вы казалі ў траўні 2022-га: «Такое адчуванне, што ў РБ засталіся толькі тыя, хто за ўладу. Бо немагчыма нармальнаму чалавеку жыць у Беларусі і пры гэтым нічога не рабіць, то бок проста спакойна прымаць тое, што даюць і дазваляюць». Ці не занадта катэгарычна?

– Мела на ўвазе спартсменаў. Не хачу ведаць тых, хто выступае зараз на спаборніцтвах у Беларусі. Ім да гэтага часу плацяць грошы, у іх усё добра – навошта турбавацца аб тым, што адбываецца? З’ехаць цяжка. Але яшчэ цяжэй зачыняць вочы і пераконваць сябе, што ўсё ў парадку. Я вось так не магу. З дзяцінства бараніла слабых. Не падабалася, калі ў школе збіваліся ў кучу і нападалі на аднаго чалавека. Не пераносіла і тых, хто крыўдзіў жывёл.

– А калі браць сапернікаў улады па-за спортам, якія па-ранейшаму ў Беларусі?

– Думаю, прычыны застацца ёсць. Кагосьці трымае сям’я, бацькі, хтосьці дапамагае жывёлам і не хоча кідаць справу – інакш наогул усё абрынецца, – сказала Максімава.