Усе навіны

European Athletics пакінула ў сіле адхіленне беларусаў і расіян ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай

15 сакавіка 2023, 18:50

Рада European Athletics пацвердзіла сваю пазіцыю наконт таго, што для спартоўцаў з Расіі і Беларусі павінна дзейнічаць забарона на ўдзел у падзеях і мерапрыемствах пад эгідай European Athletics да заканчэння вайны ва Украіне.

«Пасля расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 Рада World Athletics 1 сакавіка 2022 прыняла пастанову ўвесці санкцыі супраць федэрацый-чальцоў Расіі і Беларусі.

У той жа вечар Рада European Athletics аднагалосна пастанавіла прытрымлівацца пазіцыі World Athletics, а таксама ўвесці санкцыі супраць сяброўскіх федэрацый Расіі і Беларусі.

European Athletics працягвае рашуча падтрымліваць пазіцыю, выкладзеную ў заяве ад 1 сакавіка 2022 года, згодна з якой «усе спартоўцы, дапаможны персанал і іншыя афіцыйныя асобы з Расіі і Беларусі будуць выключаныя з удзелу ў любых спаборніцтвах European Athletics у агляднай будучыні з гэтага моманту», – сказана ў паведамленні арганізацыі.

Прэзідэнт European Athletics Дабрамір Карамарынаў пракаментаваў гэтае рашэнне.

«Паколькі вайна ва Украіне доўжыцца ўжо больш за год, Рада European Athletics хацела паказаць, што мы застаёмся непахіснымі ў сваёй пазіцыі адносна дзейнай забароны для расійскіх і беларускіх спартоўцаў, дапаможнага персаналу і іншых афіцыйных асоб, не толькі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, але і ва ўсіх падзеях і мерапрыемствах.

Вайна была разбуральнай для Украіны і, як спартыўная арганізацыя, European Athletics адзначае, што гэта тычыцца і спартыўнай інфраструктуры Украіны і яе спартсменаў.

Мы і далей будзем падтрымліваць Федэрацыю лёгкай атлетыкі Украіны, каб спартоўцы з гэтай краіны ўсё яшчэ маглі раскрыць свой патэнцыял, нягледзячы на трагічную сітуацыю ва Украіне», — сказаў Карамарынаў.