Усе навіны

Украінская чэмпіёнка АГ Дабрынская: «Ад расійскіх спартсменаў не чула выступаў супраць вайны. Беларусы – больш актыўныя. Ведаю гісторыі Краўчанкі, Максімавай, Астапчук. Важную ролю грае БФСС»

18 красавіка, 14:15

Украінская чэмпіёнка Алімпіяды-2008 у мнагаборстве Наталля Дабрынская расказала ў інтэрв'ю «Зеркалу» пра розніцу паміж рэакцыямі на вайну ў расійскіх і беларускіх спартсменаў.

– З дзеючых расійскіх спартсменаў я не ведаю нікога, хто публічна бы выступіў супраць вайны. Мне асабіста ніхто не напісаў, хаця было столькі знаёмых! Гэта да гэтага часу моцна здзіўляе. Усе баяцца, усе думаюць, што ад іх нічога не залежыць… Ніякай павагі да такіх людзей!

Напэўна, калі б той ці іншы атлет праявіў актыўную пазіцыю і з'ехаў з краіны, то яго б падтрымалі за мяжой. Выхад быў бы знойдзены! Усе ж разумеюць, наколькі несправядлівыя і жахлівыя цяперашнія падзеі: захоп тэрыторый, тэрор, гвалт, забойствы мірных жыхароў… Як можна жыць з гэтым далей, прамаўчаўшы сёння?

А калі расіяне пад уплывам прапаганды не разумеюць, што да чаго, то мне іх проста шкада. У сучасным свеце можна адкрыць розныя крыніцы інфармацыі, параўнаць навіны, паспрабаваць разабрацца, а не слепа верыць прапагандыстам.

Беларусы ў гэтым плане больш актыўныя. Яны з'язджаюць з краіны, заяўляюць пра сваю пазіцыю, аб'ядноўваюцца ў розныя ініцыятывы.

Напрыклад, ведаю гісторыю Андрэя Краўчанкі і Яны Максімавай, з якімі доўга спаборнічала. Памятаю, Надзя Астапчук заўсёды выказвалася, казала праўду. Моцная асоба, захаплялася ёй. Важную ролю грае і ваш Фонд спартыўнай салідарнасці, які кансалідуе намаганні беларусаў, – падзялілася Дабрынская.