Усе навіны

Чэмпіёнка АГ-2008 Дабрынская пра забарону ўкраінцам спаборнічаць з беларусамі і расіянамі: «Магчыма, лепш было б заяўляцца, але дэманстратыўна адмаўляцца выступаць»

18 красавіка, 15:25

Украінская чэмпіёнка Алімпіяды-2008 у мнагаборстве Наталля Дабрынская ў інтэрв'ю «Зеркалу» пракаментавала загад Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны аб забароне ўдзелу ўкраінскіх спарстсменаў на адных спаборніцтвах з расіянамі і беларусамі.

– Загадам Міністэрства моладзі і спорту ад 12 красавіка ўкраінцам, якія прадстаўляюць «афіцыйныя дэлегацыі нацыянальных зборных», забаранілі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, дзе будуць атлеты з Беларусі ці Расеі. Што думаеце з гэтай нагоды?

– Супярэчлівыя адчуванні. Разумею аргументы і за тое, каб украінцы спаборнічалі, нягледзячы ні на што, і за тое, каб яны байкатавалі турніры, на якіх будуць расіяне і беларусы.

Атлетам хочацца выступаць і даказваць сваю перавагу на спартыўнай арэне. Яны ўсё жыццё трэніруюцца, рыхтуюцца нават у самых экстрэмальных умовах паказваць вынік. Дзяржава ўжо лічыць, што ў сітуацыі, якая склалася проста немагчыма знаходзіцца фізічна побач з прадстаўнікамі краін-агрэсараў.

Як можна, напрыклад, стаяць на пастаменце побач з тэрарыстамі? Я разумею, што не ўсе ўхваляюць дзеянні сваіх урадаў, але колькі чалавек выказаліся? Калі ты маўчыш, то салідарны з вайной, забойствамі ўкраінцаў. Таму адназначнага адказу ў мяне няма. Але ёсць надзея, што цывілізаваны свет адхіліць ад Алімпіяды ў Парыжы расіян і беларусаў, якія падтрымліваюць вайну.

– То бок дапускаеце, што байкот дарэчны?

– Магчыма, падышоў бы актыўны пратэст. Заяўляцца на спаборніцтвы, але дэманстратыўна адмаўляцца выступаць. Бо ў кожным відзе спорту свая сітуацыя.

Напрыклад, у лёгкай атлетыцы падоўжылі адхіленне беларусаў і расіян яшчэ 23 сакавіка – да новых рэкамендацый МАК. Ведаю, што ў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) шмат хто супраць удзелу спартсменаў з гэтых краін да заканчэння вайны.

Але складана ўявіць, як гэта будзе выглядаць: украінскія лёгкаатлеты паедуць спаборнічаць, а ўсе астатнія застануцца дома? Я на баку спартсменаў, хачу, каб яны перамагалі, гучаў украінскі гімн, паднімаўся сцяг. Але лепш бы без беларусаў і расіян, – выказалася Дабрынская.