Усе навіны

Ціманоўская пра Кавальчука: «Ён увогуле не разумее, што адбываецца ў спорце і што трэба рабіць, каб развіваць хоць які-небудзь від»

5 траўня, 12:46

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая зараз жыве і выступае ў Польшчы, расказала, ці хацела б стаць міністрам спорту Беларусі і пра тое, як ставіцца да так званага міністра Сяргея Кавальчука.

– Хацела б ты стаць міністрам спорту Беларусі?

– Я адказала «не», але я аднойчы ў інтэрв'ю пажартавала, што хацела.

– Не хацела б?

– Ну, не.

– Давай паспрабуем уявіць. Крысціна Ціманоўская – міністр спорту Беларусі?

– Не.

– Дакладна?

– Я не хацела б, не. Я лепш адкрыла б сваю залу.

– І наш паліграф вырашыў, што гэта праўда. [Так званы] міністр спорту Беларусі Кавальчук. Наколькі ён дапамагае спартсменам?

– На зеро, на нуль проста. Ніяк увогуле. Мне падаецца, ён быў былым ахоўнікам, наколькі я памятаю, Лукашэнкі. І, як мне падаецца, ён увогуле не разумее, што адбываецца ў спорце. Ён наогул не разумее, што трэба рабіць для таго, каб развіваць хоць які-небудзь від спорту. Таму што, калі ў 20-м годзе мяне выклікалі асабістую з ім размову, пасля таго, як я дазволіла сабе выказацца, ён тады там вельмі шмат усялякага казаў. З чаго я зрабіла выснову, што ён проста ўвогуле не разумее, як адбываецца падрыхтоўка да алімпіяды, як трэба, што трэба даваць спартсмену: нейкія зборы, можа, нейкія там фармакалогіі, яшчэ нешта. Таму, мне здаецца, ён проста ўвогуле далёкі ад гэтай усёй тэмы. Проста вось яго пасадзілі, сказалі: «Трэба». Усё.

– Ты толькі адзін раз з ім размаўляла, так?

– Так. А не, яшчэ па тэлефоне ў Токіа. Я з ім таксама размаўляла. Калі прыходзіў галоўны трэнер, ён тэлефанаваў міністру і даваў мне трубку, каб я з ім паразмаўляла.

– І як?

– Ды ніяк. Ён прыйшоў, сказаў, трэба паразмаўляць з міністрам. Я кажу, што не хачу. Ён кажа: «Ну, трэба». Я кажу: «Я не буду». А ён кажа: «Усё, ён ужо падняў. На».

– А што казаў?

– Я проста тыпу, «Добры дзень, гэта Крысціна». Ён: «Што трэба? Хутка збірай манаткі! Дадому! Сюды прыедзеш – усё, будзем тут размаўляць». Я кажу: «Можна я хаця б прабягу свае 200 метраў?» – «Я сказаў ніякіх 200 метраў. Усё». Як быццам мяне тата адчытваў.

– Ты баялася яго?

– Ды не. Ну, як бы я такая кажу: «Добра, усё добра». Трубку аддала. Думаю, добра, – адказала Ціманоўская.