Усе навіны

Андрэй Краўчанка: «Усведамляў, што выказаць пратэст супраць уладаў – развітацца з кар'ерай. Дзеля пераменаў я быў гатовы страціць усё»

23 траўня, 16:50

Беларускі лёгкаатлет Андрэй Краўчанка распавёў пра тое, як праз яго подпіс у лісце за сумленныя выбары яго пазбавілі ўсяго.

– Калі я даведаўся пра тое, што ўсе супернікі Лукашэнкі – у турме, людзей збіваюць на вуліцах і гвалцяць у спецпрыёмніках, я зразумеў, што павінен змагацца разам з імі. Хоць і выразна ўсведамляў, што ў таталітарнай краіне выказаць пратэст супраць уладаў – значыць развітацца з кар'ерай. Тады дзеля пераменаў я быў гатовы страціць усё – і я ўсё страціў. Вельмі хутка ў Беларусі я пазбавіўся рэальна ўсяго, чаго дабіўся і што назапасіў.

Мяне паставілі перад выбарам: калі хочаш застацца ў зборнай, адмовіся ад свайго подпісу ў лісце за сумленныя выбары. Я не пагадзіўся, і мяне звольнілі, выгналі з нацыянальнай каманды і з Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі… Не ў смеласці была справа, а проста сумленна. Трэнер вучыў мяне: барацьба павінна быць сумленнай, – сказаў Краўчанка.