Усе навіны

Крысціна Ціманоўская: «Мне спатрэбілася амаль 2 гады, каб зноў атрымліваць задавальненне ад стартаў»

9 чэрвеня, 15:45

Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, расказала, што зноў стала атрымліваць задавальненне ад стартаў пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе.

«Спорт – гэта самыя сапраўдныя эмоцыі, шчырыя і непаўторныя.

Цяпер я атрымліваю задавальненне ад кожнага старту і вар'яцка рада гэтаму, таму што мне спатрэбілася амаль 2 гады, каб нарэшце зноў атрымліваць задавальненне ад таго, што я раблю.

І зараз я адчуваю, што я на правільным шляху», – напісала Ціманоўская ў Instagram.

Нагадаем, што на Алімпіядзе ў Токіа трэнерскі штаб беларускай каманды вырашыў задзейнічаць Ціманоўскую ў спаборніцтве, з якога з-за адсутнасці неабходнай колькасці допінг-проб былі знятыя іншыя спартсменкi.

Яна падвергла такі крок крытыцы, і трэнерскі штаб 1 жніўня вырашыў адправіць Ціманоўскую на радзіму з-за яе «эмацыйна-псіхалагічнага стану».

Спартсменка заявіла, што яе мелі намер вывезці з Токіа пад ціскам і яна мае намер прасіць прытулку ў Еўропе. Польшча выдала Ціманоўскай гуманітарную візу, пасля чаго яна вылецела праз Вену ў Варшаву. Пазней спартсменка атрымала грамадзянства Польшчы.