Усе навіны

Украінская чэмпіёнка АГ Саладуха: «Базанава рэкамендавалі ўключыць у спіс падсанкцыйных асоб»

Выканаўца абавязкаў прэзідэнта Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны Вольга Саладуха паведаміла аб рэгістрацыі ў парламенце двух праектаў пастаноў аб спартыўных санкцыях супраць расіян і беларусаў.

«Два важныя праекты пастаноў аб спартыўных санкцыях ужо зарэгістраваны ў парламенце.

Яны распрацаваны і зацверджаны Камітэтам Вярхоўнай Рады па моладзі і спорце.

Першы – гэта зварот ВР да лідэраў і парламентаў замежных дзяржаў па абмежаванні ўезду на іх тэрыторыю расійскім і беларускім спартсменам і спартыўным дэлегацыям. Такім чынам, мы прадухілім спробы МАК і некаторых федэрацый вярнуць агрэсара ў вялікі спорт. Яны не змогуць патрапіць на тэрыторыю краіны, дзе праходзяць спаборніцтвы.

Другі – гэта рэкамендацыя СНБА ўключыць у спіс падсанкцыйных асоб яшчэ 36 спартыўных функцыянераў з Расіі і Беларусі.

Сярод іх:

- прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі Станіслаў Пазнякоў

- прэзідэнт Паралімпійскага камітэта Расіі Павел Ражкоў

- прэзідэнт цяжкай атлетыкі Расіі Максім Агапітаў

- кіраўнік беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў (маецца на ўвазе экс-кіраўнік АБФФ);

- былы менеджэр зборнай Расіі па хакеі Павел Бурэ

- прэзідэнт усерасійскай федэрацыі мастацкай гімнастыкі Ірына Вінер

- прэзідэнт міжнароднай шахматнай федэрацыі Аркадзь Дварковіч

- прэзідэнт федэрацыі спартыўнай барацьбы Расіі Міхаіл Маміашвілі (той, што збіраўся ехаць на парыжскую Алімпіяду на танках) і многія іншыя.

Спадзяемся на станоўчае галасаванне ў сесійнай зале парламента. Верым, што наш голас будзе пачуты сусветнай супольнасцю і ўрады дзяржаў укарэняць жорсткія візавыя абмежаванні ў дачыненні да расійскіх спартыўных прапагандыстаў. А ўкраінскія санкцыі будуць прыкладам для іншых краін», - напісала Саладуха.