Ціхан аб міжнародным бане: «Не адстойваюць лёгкую атлетыку. Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя пакуль убаку»
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан пракаментаваў адхіленне беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў.
– Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый – адна з нямногіх, якая ніяк не адрэагавала і не прыняла рэкамендацыі МАК па допуску беларусаў і расіян на спаборніцтвы.
– Сяргей Назаравіч Бубка – выбітны атлет. Ён мае вельмі моцны ўплыў на лёгкаатлетычную асацыяцыю. Ён родам з Украіны. Год таму збіралася канферэнцыя па нашым пытанні, прасілі аб магчымасці выступіць. Адмовілі і нават не сталі ўзнімаць гэтае пытанне на канферэнцыі. Украіна настолькі агрэсіўна прадэманстравала свой характар, што проста не дала нікому нічога сказаць. Пісалі ў студзені, у сакавіку, у пачатку сезона ўзнімалі пытанне магчымасці заваёвання ліцэнзій. Адказу, на жаль, ніякага не было.
– Павінна ж быць якое-небудзь паседжанне выканкама?
– Так, яно хутка будзе. Яны нам кажуць: «Мы разам з вамі. Трымайцеся. Лёгкая атлетыка павінна жыць», – усміхаюцца. Мы ім паказваем, што нашыя хлопцы дэманструюць высокія вынікі, абнаўляюць рэкорды як краіны, так і асабістыя, але для іх гэта пусты гук. Не адстойваюць лёгкую атлетыку. Як бачым, іншыя федэрацыі пайшлі на збліжэнне, але Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя пакуль застаецца ўбаку.
– Ці ўдаецца спартсменам захоўваць матывацыю?
– Магу дакладна сказаць, хлопцы не страцілі дух. У нас дзесяць спартсменаў у гэтым сезоне ўваходзяць у дзясятку найлепшых у свеце па сваіх відах. Іншыя таксама блізка. Так, яны недзе перажывалі, бо яны ў такой сітуацыі не былі. Ціск меў месца, нехта пахіснуўся. А той, хто быў дужы, стаў яшчэ мацнейшы, – сказаў Ціхан.
Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.