Іван Ціхан: «Мяне вайна не цікавіць, я спорт. Удзел у ваенных дзеяннях – гэта зайсці на тэрыторыю»
Кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан даў каментарый супрацоўніцы «Зеркала», якая прадставілася маці аднаго з выхаванцаў, наконт сваіх нядаўніх слоў.
Нагадаем, у вайне, якую Расія з 24 лютага 2022 года працягвае ва Украіне, Беларусь прызнана краінай-суагрэсарам з-за прадастаўлення сваёй тэрыторыі і інфраструктуры для выкарыстання расійскай акупацыйнай арміяй.
– Я грунтаваўся на тых афіцыйных паперах, якія нам дае МАК і, у прыватнасці, Сусветная асацыяцыя лёгкай атлетыкі, з якой мы вядзем гутарку. Яна нам ніякіх доказаў не дала.
Паглядзіце, што спорт увогуле па-за палітыкай. Гэта міратворчая платформа, на якой прысутнічаюць усе, нягледзячы ні ад расы, ні ад крыві, ні ад колеру скуры – ні ад чаго. Павінны ўсіх прадставiць.
А калі нас адхіляюць на падставе таго, што мы ўдзельнічаем у ваенных дзеяннях… Удзел – гэта зайсці на тэрыторыю і перасекчы мяжу. А мы не ўдзельнічаем у гэтым плане. Я на падставе гэтага рабіў свае заявы.
Я, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Ціхан Іван Рыгоравіч, адстойваю інтарэсы спартсменаў на міжнародным узроўні і вяду перамовы з афіцыйнымі міжнароднымі федэрацыямі. Мяне вайна не цікавіць. Я за спорт. Я спорт, разумееце? Уся астатняя палітыка – гэта палітыка. Я спартсмен, яшчэ раз паўтару вам гэта.
– Ну, а калі б з намі адбывалася тое, што зараз адбываецца з Украінай?
– Слухайце, я гэтак жа, як вы, чалавек, гэтак жа маю і свае погляды, і свае пачуцці. У мяне таксама куча сваякоў і блізкіх. Не думайце, што я нейкі там звер і гэтак далей, – сказаў Ціхан.