Крысціна Ціманоўская: «У мяне забралі дом, а сёння ў маіх бацькоў праводзяць ператрус. Усё таму, што я хачу свабоды для Беларусі»
Беларуская лёгкаатлетка, якая выступае за Польшчу, Крысціна Ціманоўская распавяла, што 23 траўня ў яе бацькоў праводзіў ператрус следчы камітэт Лукашэнкі.
«Прашу ў Сусветнай асацыяцыі па лёгкай атлетыцы, спартыўных арганізацый падтрымкі і прыняцця мер.
Сёння ў маіх бацькоў у Беларусі праводзіць ператрус Следчы камітэт, пакуль я лячу на спаборніцтвы і ў мяне трасуцца рукі ад гэтай інфармацыі, а ўсё таму што я хачу свабоды для сваёй краіны. Хачу прыязджаць туды на выходных, каб наведваць бацькоў, хачу раз у год прыязджаць у Беларусь дзеля яе цудоўнай прыроды, хачу сустрэцца з сябрамі, хачу пабываць там дзе я нарадзілася і вырасла, хачу прайсціся па Мінску, па сваіх любімых вуліцах, зайсці ў любімае кафэ і выпіць кавы з круасанам.
За гэта мая плата – крымінальныя справы, запалохванні і ператрусы. У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сямʼі, звычайнай правінцыйнай сямʼі, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарным, а мама супрацоўнікам банка.
Апошнія гады для маёй сямʼі і так былі вельмі цяжкія – рак у мамы (дзякуй богу ўдалося вылечыць), інсульт у бацькі (цяпер ён інвалід).
Я не разумею, што яшчэ павінна перажыць мая сямʼя за мае дзеянні і мае рашэнні!
Ніхто не нясе адказнасць за мяне, акрамя мяне самой і калі ў Следчага камітэту ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», – распавяла Ціманоўская.