Ціхан пра нядопуск беларусаў на АГ: «Еўрапейцы прынцыпова адрозніваюцца ад нас. Яны дабра не памятаюць»
Кіраўнік беларускай Федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан расказаў пра спробы атрымаць допуск для беларусаў на АГ-2024 не ў нейтральным статусе.
Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў вызначае спецыяльна створаная МАК камісія AINERP. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
– Прэзідэнт World Athletics Себасцьян Коў заняў вельмі жорсткую пазіцыю ў адносінах да нас. Мы вялі перамовы, стэлефаноўваліся па месэнджэру праз відэаканферэнцыю.
Пры гэтым Коў быў вельмі аптымістычны, казаў нешта накшталт: вы трымаецеся, мы за спорт, будзем развіваць лёгкую атлетыку. Я яму прапанаваў перайсці ад агульных слоў да дэталёвага абмеркавання сітуацыі. Патлумачыў, што мы таксама за спорт, разьвіваем яго, нас у гэтым дзяржава падтрымлівае. Уся вялікая лёгкаатлетычная каманда працуе на вынік, але нам трэба разумець, дзеля чаго мы гэта робім. Мы жадаем прыняць удзел у Алімпіядзе. Але Коў сказаў не.
– А гэтае рашэнне вас асабіста здзівіла? Ён сам у 1980 годзе выступаў пад сцягам Алімпійскага руху з-за байкоту Вялікабрытаніяй Гульняў, таму пачуцці беларускіх спартсменаў яму павінны быць зразумелыя, як нікому.
– Вы разважаеце па-славянску, а еўрапейцы прынцыпова адрозніваюцца ад нас. Яны дабра не памятаюць.
Хаця калі б у 1980 годзе ў Маскве самому Коў не далі магчымасць выступіць пад сцягам Алімпійскага руху, то на дыстанцыі 800 метраў сярэбраны медаль дастаўся б савецкаму атлету Мікалаю Кіраву. Дарэчы, ён наш зямляк – нарадзіўся ў Гомельскай вобласці. А так Кіраў атрымаў толькі бронзу.
Паводзіны Коў вытлумачальныя толькі тым, што ён зараз балатуецца ў Міжнародны алімпійскі камітэт, яму трэба набраць палітычныя ачкі, няхай нават і за кошт не допуску нашых атлетаў. Мне здаецца, Коў забыўся, што на пасаду кіраўніка WA быў абраны спартсменамі для таго, каб прадстаўляць інтарэсы лёгкай атлетыкі, а не лабіраваць інтарэсы якога-небудзь боку.
Аднак мы бачым, што ў яго выпадку прынцыпы Алімпійскай хартыі – сяброўства, братэрства, мір – не працуюць. Таму рашэнне Коў не дапусціць беларускіх лёгкаатлетаў на Гульні, шчыра кажучы, мяне асабіста не здзівіла. Я быў да яго гатовы, – распавёў Ціхан.