У Брэсце за ўдзел у пратэстах судзілі лёгкаатлета і майстра спорту міжнароднага класа Чабярака
У Брэсце за ўдзел у пратэстах судзілі лёгкаатлета і майстра спорту міжнароднага класа Сяргея Чабярака, паведамляе BGmedia.
Разглядаць справу 37-гадовага беларуса распачалі 12 сакавіка ў судзе рэжыму Лукашэнкі па Ленінскім раёне Брэста па ч. 1 арт. 342 КК «Групавое парушэнне грамадскага парадку».
Затрымалі брэстаўчаніна, як мяркуецца, у канцы лістапада ці пачатку снежня.
Па даных BGmedia, 15 сакавіка калега Чабярака, з якой у іх ёсць агульны сын, Ірына Баханоўская апублікавала ў Instagram відэа, на якім ён шчаслівы выходзіць з Дома правасуддзя ў Брэсце, а яго сустракаюць сям'я і сябры. Яна напісала ў пасце, што гэта здарылася 13 сакавіка.
Выданне мяркуе, яму прысудзілі «хатнюю хімію» ці «хімію», раз яго адпусцілі на волю пасля вынясення прысуду.
Чабярак – трэнер-выкладчык па спорце 1 катэгорыі. Майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь. Віцэ-чэмпіён Еўропы па кросе на дыстанцыі 6 км. 26-разовы пераможца чэмпіянатаў і першынстваў РБ па лёгкай атлетыцы. У 2006 годзе быў удастоены звання «Спартсмен года». У 2011 годзе паказаў найлепшы вынік за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі на дыстанцыі 3 тысячы і 5 тысяч метраў.