Іван Ціхан: «Штоквартальна дасылаем World Athletics лісты з просьбай разгледзець варыянты допуску зборнай Беларусі»
Старшыня БФЛА Іван Ціхан падзяліўся інфармацыяй пра магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.
«З Алімпійскімі гульнямі ў нас пытанне адкрытае. У сакавіку пасля таго, як Себасцьян Коу не стаў прэзідэнтам МАК, [з World Athletics] быў дадзены адказ, што беларускіх атлетаў далей працягнуць не дапускаць да міжнародных спаборніцтваў.
Штоквартальна мы дасылаем туды лісты з просьбай разгледзець варыянты [допуску] зборнай, пераменнага складу, юніёраў – дзяцей, якія ўвогуле ніякага дачынення да палітыкі не маюць.
Спартсмены вельмі моцныя людзі, таму яны не паказваю гэтых рэчаў, але заўсёды хацелася б спаборнічаць з наймацнейшымі, каб былі ўсё дапушчаныя.
Нашы хлопцы не тое, каб змірыліся, яны гатовы ў любы момант выйсці і выступіць на міжнароднай арэне. На тых жа гульнях БРІКС, якія праходзілі ў Расіі, і матчавых сустрэчах, на якія мы ездзім, яны дэманструюць высокія вынікі», – заявіў Ціхан.
Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.