Лёгкая атлетыка на АГ-2024 пройдзе там, дзе ў беларусаў быў самы паспяховы ЧС у гісторыі – i нават не адабралi нiводнага медаля
Хаця потым праблемы з допiнгам былi шмат у каго.
У Парыжы стартуе летняя Алімпіяда, дзе будуць беларускiя спартсмены, але не лёгкаатлеты – нягледзячы на тое, што восем беларускiх прадстаўнiкоў вiда выканалi алiмпiйскi нарматыў. Кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) Себасцьян Коу заняў катэгарычную пазiцыю па захаваннi антываеннага мiжнароднага бана i адмовiўся хоць кудысьцi дапускаць атлетаў з Беларусі і Расіі ў нейтральным статусе, як рэкамендавалi ў МАК. А ў дакуменце па алiмпiйскiм адборы было наўпрост прапiсана, што людзi з Беларусi i Расii на АГ не едуць. Дуумалася, што спартсмены могуць звярнуцца ў сам МАК, якi праводзiць Гульнi, i атрымаць допуск праз яго, але вынiк такi, што допускаў няма.
А спаборніцтвы лёгкаатлетаў на АГ пройдуць на «Стад дэ Франс» – шчаслівым для беларускiх спартсменаў стадыёне. Там, дарэчы, адбыўся i адзiн з галоўных поспехаў у гісторыі футбольнай зборнай – выязная перамога над зборнай Францыі (1:0) у 2010-м.
А з 23 да 31 жніўня 2003 года на «Стад дэ Франс» прайшоў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. Там Беларусь прадстаўлялі 39 спартсменаў, з іх 18 – дэбютанты такiх турнiраў. I ЧС-2003 стаў самым паспяховым у гісторыі беларускай зборнай – сем медалёў (тры залатыя, адзін сярэбраны і тры бронзавыя) i 5-е месца ў агульным заліку.
I самае галоўнае – з тых сямi узнагарод не адной потым не адабралi. Хаця допiнгавых скандалаў вакол iх уладальнiкаў было нямала.
Першы медаль на тым першынстве ўдалося заваяваць у першы ж дзень. У штурханнi ядра не было роўных Андрэю Міхневічу. Самым паспяховым стаў яго другі выхад у сектар (21.69). У амерыканца Адама Нэльсана было 21.26, а ў ўкраінца Юрыя Беланога – 21.10.
Мiхневiч выйграў праз 17 дзён пасля сканчэння яго двухгадовай дысквалiфiкацыi за пазiтыўны допiнг-тэст на ЧС-2001. Пасля браў яшчэ медалi, нават бронзу на АГ-2008, але ў пачатку 2010-х допiнг знайшлi i ў яго пробе з ЧС-2005 – i анулявалi ўсе вынiкi з таго моманту (таму што за другi допiнг даецца пажыццёвы бан). Такiм чынам, золата ЧС-2003 засталося адзiным вялiкiм медалём спартсмена, якi ў 2020-м падпiсаўся за рэжым, а пазней пачаў у яго падтрымку казаць лухту.
У першы дзень ЧС-2003 свой шлях да бронзавага медаля пачала сяміборка Наталля Сазановіч, прызёрка АГ 1996 i 2000 гадоў. Самай удачнай дысцыплінай для спартсменкi стала, дарэчы, штурханне ядра. Там Сазановіч кінула снарад на адзнаку 16,81, што стала найлепшым вынікам сярод усіх канкурэнтаў і яе асабістым рэкордам. У выніку беларуска набрала 6524 ачкі, уступіўшы толькі францужанке Юніс Барбер (6755) і шведцы Караліне Клюфт (7001).
Яшчэ адзін бронзавы медаль тых спаборніцтваў дастаўся Валянціне Цыбульскай, срэбнай прызёрцы ЧС-2001. У 2003-м у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 20 кіламетраў яна паказала вынік 1:28:10, уступіўшы толькі ірландцы Джыліян ОʼСаліван (1:27:32) і расіянцы Алене Нікалаевай (1:26:52).
Далей залаты медаль узяў малатабоец Іван Ціхан. У найлепшай спробе яму скарылася адзнака 83.05. Бліжэйшымі канкурэнтамі – з вялiкiм адставаннем – былі венгр Андрыян Ануш (80.36) ды японец Кодзі Мурафусі (80.12).
Для Цiхана медаль стала першым поспехам на найбуйнейшых турнiрах. Потым былi шматлiкiя iншыя медалi, але калi пры допiнг-падазрэннях бронзу АГ-2008 удалося адстаяць, то ў 2012-м пераправерка тэста з «срэбраных» АГ-2004 ўжо дакладна знайшла забароненыя прэпараты. Праз гэта Цiхан пазбавiўся яшчэ i золата ЧС-2005 ды ЧЕ-2006 са сваiмi найлепшымi за карʼеру вынiкамi. Сёння Цiхан – адданы рэжымнiк на чале БФЛА.
Трэцяе золата ў скарбонку Беларусі на ЧС-2003 прынесла кідальніца дыска Ірына Ятчанка, бронзавая прызёрка АГ-2000. Ёй было ўжо 37 гадоў, яна мучылася болямi ў спiне, у такiм раскладзе поспеху не чакалi – але Ятчанка абвергла прагнозы. Свой найлепшы вынік на тых спаборніцтвах яна паказала ў першай спробе ў фінале (67.32), што паралельна стала і найлепшым асабістым вынікам у сезоне. Бліжэй за ўсіх да выніку Ятчанкi была грэчаская кідальніца Анастасія Келесіду (67.14).
Потым Ятчанка яшчэ і ўзяла бронзу на АГ-2004, але праз восем гадоў у пробе з Афiн знайшлi анаболiк ды медаль забралi.
Медаль на ЧС-2003 ўзяў i прызёр АГ-1996, кідальнік дыска Васіль Капцюх – таксама немалады (было 36 гадоў), таксама зусiм не фаварыт. Але першая фiнальная спроба, у якой ён кінуў дыск на адзнаку 66.51, у выніку прынесла яму бронзу. Лепш у той вечар былі венгр Робер Фазэкаш (69.01) і літовец Віргіліюс Алекна (69.69). Праз гады сын Алекны пабiў сусветны рэкорд, а Капцюх аказаўся ў спiсе падпiсантаў за рэжым.
Дарэчы, медалі парыжскага ЧС у кіданні дыска ў мужчын і жанчын і сяміборʼі сталі да сённяшняга дня апошнімі для зборнай Беларусі.
Апошнюю ўзнагароду ЧС-2003 для Беларусі ўзяла штурхальніца ядра Надзея Астапчук. Яе найлепшым вынікам у Парыжы стаў падыход з вынікам 20.12 – асабiстым рэкордам на той момант. Дзякуючы яму яна здолела апярэдзіць украінку Віту Паўлыш (20,08), але саступіла расіянцы Святлане Крывялёвай.
Астапчук выйграла i наступны ЧС, i яшчэ шэраг медалёў, але потым захрасла ў допiнгу: на АГ-2012 золата адабралi адразу, потым «бруднымi» на пераправерках выявiлiся пробы з ЧС-2005 i АГ-2008. У вынiку былi ануляваныя ўвогуле ўсе вынiкi Астапчук ад ЧС-2005 i далей, яна сумарна пазбавiлася 10 вялiкiх узнагарод – але чэмпiёнкай 2003-га засталася.
Фото: Gettyimages