Дачка беларускай чэмпiёнкi свету амаль год змагаецца з цяжкай хваробай – цяпер на далёкiм востраве, адкуль ёсць добрыя навiны
Дзеля збору сродкаў бацька прабег 36 марафонаў запар.
У лютым 2024-га беларуская чэмпіёнка свету і Еўропы па бегу на 800 метраў Марына Арзамасава паведаміла пра прыпыненне трэнерскай кар’еры. Прычынай сталi нечаканыя праблемы са здароўем у старэйшай дачкі Аляксандры. 14-гадовая дзяўчынка захварэла на сіндром Гіена-Барэ, пры якім імунная сістэма паражае ўласныя перыферычныя нервы.
У сакавіку Арзамасава арганізавала дабрачынны забег з мэтай сабраць грошы на лячэнне і рэабілітацыю дзяўчынкі. А ў канцы траўня муж спартсменкі Ілля Арзамасаў абвясціў пра правядзенне штодзённага дабрачыннага марафону ў падтрымку дачкі, пакуль не будзе сабрана патрэбная для рэабілітацыі дзяўчыны сума – каля 80 тысяч долараў. Да акцыі далучыліся многія людзi з белспорту, у тым ліку Юлія Несцярэнка, Сяргей Штанюк, Віталь Радзівонаў, Віктар Ганчарэнка, Ганна Сола, Людас Румбуціс, Ілля Протас, Генадзь Туміловіч. Арзамасаў, які раней удзельнічаў у стартах Ironmen (праплыць 3,8 км, праехаць на ровары 180 км і прабегчы марафон), у вынiку прабег марафонскiя дыстанцыi 36 разоў.
10 ліпеня сям’я паведаміла, што сабрана 70 тысяч долараў, і падзялілася поспехамі ў аднаўленні дачкі, якая як праходзіла лячэнне ў расійскай клініцы: дзяўчынка ўпершыню за час хваробы самастойна ўстала «на карачкі».
У ліпенi Марына Арзамасава вярнулася да трэнерскай справы – пачала праводзіць інтэнсівы па тэхніцы бегу. Тады ж бягуха атрымала запрашэнне на матч «Смаргоні», дзе таксама падтрымалi дабрачынны збор. Аказалася, што дырэктар клуба Павел Люцько знаёмы з экс-спартсменкай яшчэ са школы.
Тым часам дачку Арзамасавых пачалі спрабаваць ставіць на ногі – ужо ў беларускім цэнтры, дзе праходзiў другі курс рэабілітацыі. 15 жніўня маці дзяўчыны расказала, што «ў кісцях ужо пачынаюць утварацца нервовыя валокны, дробныя цягліцы ўключаюцца».
Тым часам экс-спартсменка пачала бегаць паўмарафоны на вынiк. У верасні чэмпіёнка свету паўдзельнiчала ў двух – у Мінску і Санкт-Пецярбургу. А ў пачатку лістапада бацькі з дзвюма дачкамі адправілася на паўмарафон у італьянскі Рыва-дэль-Гарда. На гэтым міжнародным старце з некалькімі тысячамі удзельнікаў Марына Арзамасава заняла першае месца з вынікам 1:20:49.
Ужо праз тыдзень 36-гадовая бягуха пераадолела такую ж дыстанцыю на іспанскім востраве Тэнэрыфе – найбуйнейшым з Канарскiх. Там яна была другой у абсалюце (1:22:59). А пасля адзначыла, чым гэты старт лепш за Мінскі паўмарафон: «Усе дарогі, пераходы рэгуляваліся паліцыяй, а ў Беларусi адзіным рэгуліроўшчыкам была я – стаяла цэлую гадзіну і спрабавала не пускаць мінакоў пераходзіць як папала дарогу і тым самым замінаць бегунам па трасе».
Як высветлілася, на Канары сям’я паляцела не проста бегаць – там знайшлося тры добрых рэабiлiтацыйных цэнтры для хворай дачкi. 5 снежня Марына Арзамасава падзялiлася апошнiмi навiнамi пра стан дзяўчынкi.
«10 месяцаў з моманту, калі мы даведаліся пра хваробу Сашы. Пальцы яшчэ не працуюць, а ступні пакуль вісяць. Але са стану поўнай нерухомасці і нават паралічу па левым баку твару яна ўжо пачала хадзіць. Як нам сказалі, у нас ёсць год на аднаўленне. Мы верым у поспех і працягваем ісці наперад!» – распавяла Арзамасава.
Застаецца пазычыць дзяўчыне поўнага аднаўлення.