«Мы – былыя палітвязні. Бяжым за тых, хто знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі». Беларусы далучыліся да Варшаўскага паўмарафону
Агулам у забегу прынялі ўдзел 16+ тысяч аматараў.
Былыя беларускія палітвязні далучыліся да Варшаўскага паўмарафону – яны прабеглі 5 кіламетраў у падтрымку тых, хто дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні:
«Мы – былыя палітвязні. Бяжым за тых, хто не можа: за тых, хто зараз знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі — у турмах, без лістоў, без сувязі, без надзеі».
Свой праект беларусы назвалі Pulse of Freedom («Пульс свабоды») – гэта серыя сімвалічных забегаў у розных краінах Еўропы.
«Праз бег мы не толькі аднаўляем сябе пасля турмы, але і гаворым са светам на мове свабоды, руху і сілы духу. На трасе людзі падтрымлівалі, гэта прыемна. Пасля турмы складана бегаць, але на гэтым старце ў нас быў вагон энергіі. Наш бег – гэта не палітыка. Гэта жыццё», – заявіў адзін з удзельнікаў паўмарафону Сяргей Гунь.