Усе навіны

Расіяне і беларусы з падвойным грамадзянствам змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай аўтамабільнай федэрацыі

14 лютага 2023, 15:34

Міжнародная аўтамабільная федэрацыя (ФІА) унесла папраўкі ў правілы, якія датычацца выступленняў пад эгідай федэрацыі расіян і беларусаў, якія маюць двайное грамадзянства,

Як і раней, расіяне і беларусы змогуць удзельнічаць у санкцыянаваных спаборніцтвах у нейтральным статусе, калі прызнаюць «рашучую прыхільнасць ФІА салідарнасці з народам Украіны, Федэрацыяй аўтаспорту Украіны і ўсімі пацярпелымі ў выніку вайны».

Новыя папраўкі адносяцца да спартсменаў з падвойным грамадзянствам. З сезона-2023 спартсмены змогуць выступаць пад сцягам краіны свайго другога грамадзянства.

«Меры ФІА ў дачыненні да расіян і беларусаў застаюцца ў сіле, але перагледжаны падыход да канкрэтнай сітуацыі гоншчыкаў, якія маюць падвойнае грамадзянства.

Любы расійскі і беларускі пілот з падвойным грамадзянствам, які будзе спаборнічаць пад грамадзянствам іншай краіны на чэмпіянаце свету ФІА, будзе заставацца адказным за выкананне прынцыпаў міру і захаванне палітычнага нейтралітэту», – паведамляе арганізацыя.

Пры гэтым не ўдакладняецца, ці павінны пілоты з падвойным грамадзянствам прызнаваць салідарнасць з украінскім народам.