Усе навіны

Сям'я Міхаэля Шумахера плануе падаць пазоў супраць нямецкага штотыднёвіка Die Aktuelle з-за інтэрвʼю, згенераванага штучным інтэлектам

20 красавіка 2023, 18:25

Сямʼя Міхаэля Шумахера плануе падаць пазоў супраць нямецкага штотыднёвіка Die Aktuelle з-за «інтэрвʼю» з сяміразовым чэмпіёнам Формулы-1, згенераваным штучным інтэлектам, паведамляе Reuters.

Шумахер не зʼяўляўся на публіцы з таго часу, як атрымаў сурʼёзную траўму галаўнога мозгу падчас катання на лыжах у французскіх Альпах у снежні 2013 года.

Апошняе выданне Die Aktuelle апублікавала вокладку з выявай усмешлівага Шумахера з загалоўкам «Міхель Шумахер, першае інтэрвʼю» і заўвагай «Гэта гучала зманліва праўдападобна».

Аказалася, што адказы былі зроблены штучным інтэлектам.

«З дапамогай сваёй каманды я магу самастойна стаяць і марудна праходзіць некалькі крокаў. […] Мае жонка і дзеці – падарунак для мяне. Без іх я не справіўся б. Натуральна, што яны адчуваюць сябе сумнымі праз тое, як усё склалася», – гаварылася ў інтэрвʼю.

Члены сямʼі Шумахера не выдаюць падрабязнасці аб стане былога пілота.