Усе навіны

Ральф Шумахер здзейсніў камінг-аўт

15 ліпеня 2024, 16:23

Нямецкі аўтагоншчык Ральф Шумахер падзяліўся пастом у Instagram, апублікаваўшы фота, дзе ён з мужчынам атрымлівае асалоду ад заходу сонца з яхты. «Самае выдатнае ў жыцці – калі ў цябе ёсць партнёр, з якім можна падзяліць усё», – напісаў Шумахер.

Гэты пост набраў больш за 300 тысяч лайкаў. Сярод тых, хто павіншаваў Ральфа ў каментарах, быў ягоны сын Давід. Нагадаем, з ягонай маці Карай гоншчык развёўся ў 2015 годзе пасля 14 гадоў шлюбу.

Партнёра Ральфа клічуць Эцьен, і яны ўжо два гады разам. Чуткі пра гомасэксуальнасць малодшага брата сяміразовага чэмпіёна «Формулы-1» Міхаэля Шумахера хадзілі некалькі гадоў.

За сваю кар'еру ў «Формуле-1» Ральф Шумахер выйграў шэсць гонак, а яго найвышэйшым дасягненнем стала 4-е месца ў чэмпіянаце ў 2001 і 2002 гадах. Цяпер ён узначальвае каманду ў нямецкай аўтагоначнай серыі DTM.