Экс-жонка брата Шумахера распавяла, што «адчувае сябе выкарыстанай» пасля камінг-аўту мужа – пара да гэтага часу выхоўвае сына
Сямейныя разборкі працягваюцца.
Месяц таму Ральф Шумахер здзейсніў камінг-аўт чым выклікаў шмат размоваў вакол сваёй сям’і. Былы пілот Формулы-1 паведаміў пра гэта на старонцы ў сацсетках. Цяпер малодшы брат Міхаэля працуе аналітыкам на розных тэлевізійных каналах.
Выданне der spiegel пагутарылі з экс-жонкай Ральфа Карой Брынкман. Пара пражыла разам больш за 10 гадоў. За гэты час у іх нарадзіўся сын Дэвід, які зараз таксама займаецца аўтаспортам.
«Калі ён абвясціў пра камінг-аўт, гэта было як удар у сэрца. Такія рашэнні заўсёды ўплываюць на навакольных, у тым ліку на былую жонку, з якой у вас было дзіця. Сёння я адчуваю, што мяне выкарыстоўвалі ў шлюбе.
Мне здаецца, што я выдаткавала свае найлепшыя гады дарма. Я задаю сабе шмат пытанняў. Ці быў ён сумленны са мной? Ці кахаў ён мяне наогул? Я давярала яму слепа, таму ягонае слова было для мяне законам», — цытуе Кару marca.
«Мне хацелася б, каб Ральф параіўся са мной па гэтым рашэнні, гэта было б знакам павагі. Ужо падчас яго кар’еры ў Ф1 хадзіла мноства чутак. Я папрасіла яго растлумачыць, але ён заўсёды адмаўляў гэта, кажучы мне, што я ўсё прыдумляю і што мне патрэбна псіхалагічная дапамога», — прызналася Брынкман.
Зараз Ральф дзеліцца фатаграфіямі са сваім каханым Эцьенам у інстаграме. Экс-пілот зрабіў паведамленне:
«Самае цудоўнае ў жыцці — калі побач з табой правільны партнёр, з якім можна падзяліцца ўсім».
Крыніца: Marca