Усе навіны

Генеральны сакратар ФІБА Загкліс: «Беларусь ужо не зможа адабрацца на Алімпіяду ў Парыжы ў 2024 годзе – ні мужчынская зборная, ні жаночая»

12 снежня 2022, 22:56

Генеральны сакратар ФІБА Андрэас Загкліс падзяліўся меркаваннем пра верагоднасць траплення зборных Беларусі і Расіі на Алімпійскія гульні 2024 года.

«Я думаю, што нават з гледзішча баскетболу гэта ўжо ўсё ж позна. Як вы ведаеце, згодна з цяперашнімі правіламі кваліфікацыі, Беларусь ужо не зможа адабрацца на Алімпіяду ў Парыжы ў 2024 годзе - ні мужчынская зборная, ні жаночая. Тое самае тычыцца жаночай зборнай Расіі, бо Еўрабаскет пачнецца ўжо ў наступным годзе, а нацыянальная каманда не ўдзельнічае ў кваліфікацыі да гэтага турніру.

Лёс мужчынскай зборнай залежыць ад таго, ці будзе знятая дыскваліфікацыя з расійскай каманды. Калі яна будзе знята да лета 2023 года, тады ў зборнай Расіі будзе магчымасць усё ж трапіць у перадкваліфікацыйны раунд на Алімпіяду - у залежнасці ад вынікаў і рэйтынгу. Мы будзем арыентавацца на рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта, з якім у нас увесну будзе сустрэча. Пасля гэтага мы зразумеем свае наступныя крокі. Прама зараз цэнтральнае бюро ФІБА выконвае статус-кво, у федэрацыі такая пазіцыя», - сказаў Загкліс.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.