Усе навіны

Леўчанка пра міжнародны Дзень мігранта: «Хай менавіта гэты дзень будзе напамінкам пра тое, што мы не народзец, а народ!»

19 снежня 2022, 09:47

Былая баскетбалістка Алена Леўчанка падзялілася сваімі думкамі наконт міжнароднага Дня мігранта, які адзначаецца 18 снежня.

«Ужо больш за два гады я знаходжуся ў міграцыі і ніколі не магла падумаць, што гэты дзень будзе тычыцца і да мяне. Гэты час быў няпростым, але пераадолеўшы шмат перашкод, адбыўся мой велізарны рост.

У 2020 годзе я, як і сотні тысяч беларусаў, устала на бок праўды і дабра, і была змушана пакінуць сваю краіну з-за палітычных пераследаў. Масавыя і гвалтоўныя рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца і дасёння!

У гэты дзень я не магу не думаць пра ўсіх палітычных зняволеных, якіх на сённяшні дзень толькі афіцыйна 1438 чалавек (але насамрэч іх у разы больш).

Знаходзячыся ў міграцыі, мы, беларусы, пераадольваем цяжкасці кожны дзень, але мы не здаёмся! Гэта складаны шлях, але я не перастаю верыць, што пасля доўгай і цёмнай ночы, наступіць чаканы світанак.

І ўсім «второсортным» беларусам я хачу сказаць яшчэ раз, як ганаруся кожным з вас, хто не пабаяўся і ўстаў на бок дабра! Хай менавіта гэты дзень будзе напамінкам пра тое, што мы не народзец, а НАРОД! (арфаграфія аўтара – Tribuna.com)

Жыве Вольная Беларусь!», – напісала Леўчанка ў Instagram.