Усе навіны

Леброн Джэймс стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі НБА

8 лютага 2023, 08:53

Нападаючы «Лейкерс» Леброн Джэймс абышоў Карыма Абдул-Джабара па колькасці ачкоў за кар’еру і падняўся на першае месца ў гісторыі НБА па гэтым паказчыку.

8 лютага за 10,9 секунды да канца трэцяй чвэрці матчу супраць «Аклахомы» 38-гадовы Джэймс дасягнуў адзнакі ў 38 388 ачкоў за кар’еру.

Рэкорд Абдул-Джабара пратрымаўся 34 гады. Легендарны цэнтравы завяршыў кар’еру ў 1989 годзе з 38387 ачкамі. Шасціразовы чэмпіён НБА прысутнічаў на матчы 8 лютага.

Матч прыпынілі на цырымонію, падчас якой Абдул-Джаббар перадаў мяч Леброну.

«Рэкорд пратрымаўся амаль 40 гадоў. Многія думалі, што ніхто яго не перасягне. Леброн, ты лепшы бамбардзір у гісторыі НБА. Віншую», – сказаў камісіянер лігі Адам Сільвер.

У пяцёрку лепшых бамбардзіраў у гісторыі лігі таксама ўваходзяць Карл Мэлоўн (36 928), Кобе Браянт (33 643) і Майкл Джордан (32 292).