Прэзідэнт Федэрацыі баскетбола Латвіі: «Не можа ісці гаворкі аб вяртанні расіян, пакуль ідзе вайна»
Прэзідэнт Федэрацыі баскетбола Латвіі Райманд Вейоніс расказаў аб сваіх мэтах прыезду ў Кіеў.
– Якая першачарговая мэта вашага візіту ў Кіеў?
– Па-першае, вядома, сустрэцца з калегамі. Калі пачалася вайна, так атрымалася, што Латвія стала дзяржавай, якая прытуліла ўкраінскіх баскетбалістаў.
Мы прынялі шмат моладзі, школьнікаў, а нацыянальныя зборныя – мужчынская, а пасля і жаночая – праводзілі свае хатнія афіцыйныя матчы ў Рызе. Так стварылася першая сувязь з украінцамі і мне захацелася асабіста пабываць у вашай краіне.
Па-другое, мы прыехалі сустрэцца з пэўнымі службовымі асобамі, напрыклад, з прэзідэнтам ФБУ Міхаілам Бродскім і міністрам спорту і адначасова прэзідэнтам НАК Украіны Вадзімам Гутцайтам.
– Пра што казалі на сустрэчы з міністрам і прэзідэнтам ФБУ Міхаілам Бродскім?
– У сітуацыі, калі Міжнародны алімпійскі камітэт думае вярнуць расійскіх і беларускіх спартсменаў, нам трэба дзейнічаць сумесна.
Для нас гэта вельмі кепскі жэст. Я ўпэўнены, што пакуль ідзе вайна ва Украіне, пакуль Расія як агрэсар знаходзіцца тут, не можа быць і гаворкі пра іх вяртанне.
Важна было прагаварыць агульныя прынцыпы, якія мы маглі б у далейшым прытрымлівацца на міжнароднай арэне.
Плюс асабіста ўбачыць і пачуць сітуацыю ў краіне, каб мы маглі яшчэ больш расказваць аб тым, што адбываецца ва Украіне, – сказаў Вейоніс.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.