Усе навіны

Экс-гулец зборнай Беларусi Рубінштэйн пра пераезд ў Сербію: «Калі тут пытаюцца, чым займаюся, усё часцей кажу: я пачынаючы распрацоўшчык»

26 красавіка, 15:24

Экс-баскетбалiст «Мiнска» і зборнай Беларусі, гулец сербскай «Калубары» Раман Рубінштэйн распавёў пра тое, як ён сумяшчае працу ў ІТ і баскетбол.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Калі ў Расіі абвясцілі мабілізацыю, супрацоўнікаў сталі рэлакаваць – пад гэты «грабянец» перавезлі і мяне. Аплацілі білеты, кватэру на працягу першага месяца, а яшчэ нас суправаджалі мясцовыя рыэлтары – яны дапамаглі ўладкавацца ў Бялградзе, атрымаць ВНЖ, аформіць ІП і г.д.

У Сербію я пераехаў лёгка – амаль без «акліматызацыі». Студэнтам часта ездзіў у Бялград трэніравацца, таму ведаў, што мяне чакае, ведаў краіну і людзей, што тут жывуць. Мову я добра схопліваю, бо разумею славенскую – а сербскую яшчэ прасцей.

Летась сюды пераехала шмат расіян – таму кошты на жыллё, як і ў Польшчы ці Грузіі, падскочылі. За кватэру, якую раней можна было зняць за 500 еўра ў месяц, зараз давядзецца выкласці 800, калі не больш.

Да офіса мне дабірацца 15-20 хвілін. Я часта хаджу ў офіс: мне падабаецца размаўляць з хлопцамі, глядзець, хто што як робіць – набірацца вопыту. У нас у асноўным працуюць расіяне і беларусы, размаўляем паміж сабой на рускай.

Калі ў мяне тут пытаюцца, чым я займаюся, цяпер я ўсё часцей кажу: я пачынаючы распрацоўшчык. А раней, па прыездзе, калі захадзіла размова пра прафесію, я казаў, што баскетбаліст.

Мне пашанцавала, што ў Сербіі знайшлася каманда для мяне. Я асабліва не выбіраў, самае галоўнае было – гуляць. Тут нават пытанне грошай не стаяла. Калі было прынятае рашэнне пра рэлакацыю, я спісаўся з агентамі, і так атрымалася, што я толькі прыляцеў – і проста з аэрапорта паехаў на прагляд. Каманда доўга не цягнула з адказам, трэнер адразу сказаў: «Забіраем!»

Мой працадаўца ведае, што я гуляю ў баскетбол, яго пазіцыя: калі ласка, сумяшчай – галоўнае, каб задачы выконваліся своечасова. Мой лід – хакеіст у далёкім мінулым, ён мяне разумее.

Каманда трэніруецца не ў самім Бялградзе, а ў прыгарадзе. Аднак, калі гульні былі ў сталіцы, – так, калегі прыходзілі заўзець за мяне, – распавёў Рубінштэйн.