Усе навіны

Сныціна пра свой брэнд адзення: «Хочацца насіць такія прынты, каб было зразумела, што мы з Беларусі»

30 красавіка, 23:11

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна распавяла пра свой брэнд адзення TRSK.

«Прывітанне, я Каця Сныціна, і я саўладальніца крамы адзення беларускага брэнда TRSK.

Скажыце мне гэта два гады таму, я наўрад ці паверыла б.

Не таму што я прывыкла быць толькі прафесійнай баскетбалісткай, але і таму што, здавалася б, не самы ўдалы час запускаць новы для сябе бізнес: пратэсты ў краіне, немагчымасць туды вярнуцца, незразумелы статус як грамадзянкі Беларусі ў ЕС і яшчэ мільён пытанняў, якія прыйшлося вырашаць на хаду.

А ўсё пачалося ў размове з [саўладальніцай брэнда] Аляксандрай Пушкінай з таго, што нам хочацца насіць такія прынты, каб было зразумела, што мы з Беларусі, каб можна было надзець на канцэрт любога нашага гурта, прыйсці на мітынг у Еўропе і адразу ж быць пазначанай як беларуска. А таксама, сумуючы па родных мясцінах, бачыць іх часцінкі на сваіх худзі.

Так і атрымалася, што TRSK мы адкрылі для беларускай душы, якая сумуе па доме», – напісала Сныціна.