Сныціна – заўзятарам: «Дзякуй за падтрымку, абдымкі, эмоцыі на трыбуне, за сцягі»
Баскетбалістка Кацярына Сныціна «Лондан Лаянс» падзякавала заўзятарам за падтрымку ў сезоне.
«Прывітанне ўсім, у гэту нядзелю ў мяне скончыўся сезон, быў фінал, гэта мой 20-сезон. Нават самой часам не верыцца.
І я хацела б падзякаваць усім вам, хто падтрымліваў мяне онлайн і афлайн. Анлайн вы мне пісалі са словамі падтрымкі, са словамі віншавання, увесь мой сезон, усе гэтыя месяцы, дзякуй вам вялікі. Офлайн гэта нашая дыяспара ў Лондане і не толькі ў Лондане, у іншых гарадах Англіі, куды я прыязджала.
Дзякуй за вашую падтрымку, за вашыя абдымкі, за вашыя эмоцыі на трыбуне, за сцягі. Я проста вельмі рада, што вы там былі разам са мной», – напісала Сныціна.
14 траўня «Лондан Лаянс» Сныцінай стаў чэмпіёнам жаночага чэмпіянату Вялікабрытаніі па баскетболе.
Адзначым, што гэты трафей стаў для беларускі трэцім у гэтым сезоне за сталічную каманду. Да гэтага Сныціна разам з «Лондан Лаянс» узяла Кубак Вялікабрытаніі і Кубак брытанскай лігі.
У фінале чэмпіянату Сныціна набрала 11 ачкоў, здзейсніла 6 падбораў і аддала 4 перадачы.