Экс-баскетбалістка «Гарызонта» украінка Хамянчук: «Сорамна, што магла казаць раней, маўляў, «спорт па-за палітыкай»
Экс-баскетбалістка «Гарызонта» ўкраінка Аляксандра Хамянчук у інтэрв'ю «Зеркалу» падзялілася меркаваннем пра адхіленне беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў.
– Ці падтрымліваеце адхіленне беларускіх і расійскіх каманд у баскетболе?
– Так. Вельмі дзіўна было б іх дапускаць, пакуль ідзе вайна. Ведаеце, я магу зразумець спартоўцаў, якія з дзяцінства ішлі да высокіх вынікаў, жадалі пагуляць на добрым узроўні. Ёсць мэта – напрыклад, выступіць на чэмпіянаце Еўропы, свету. Але потым аказваецца, што кіраўнік тваёй краіны – нядобры чалавек. Узнікае дылема: ажыццявіць дзіцячую мару ці прыслухацца да сумлення і адмовіцца гуляць. Крыўдна адмаўляцца. Хаця, паўтаруся, як украінка, не разумею цяперашняга маўчання спартсменаў пры ўсіх страхах за сям'ю.
– Вы калі-небудзь лічылі, што спорт па-за палітыкай?
– Так, да пачатку вайны так і думала. Маўляў, я толькі гуляю ў баскетбол, палітыка – брудная справа, таму адчапіцеся. Нават пасля псеўдарэферэндуму ў Крыме, памятаю, пыталася ў знаёмых, як вы там, з кім хочаце быць. Мне адказвалі: «Проста пакіньце нас у спакоі. Калі будзем з Расіяй, значыць, так таму і быць». Але надыходзіць момант, калі нельга больш маўчаць. Мне сёння сорамна за тыя словы, якія магла казаць раней: маўляў, спорт па-за палітыкай, усё не так адназначна і да т.п., – сказала Хамянчук.
Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.