Усе навіны

Украінка Хамянчук: «У «Гарызонце» пыталася ў дзяўчат пра Лукашэнку. Ад тых, хто выступаў за ўладу, не чула дакладнага адказу пра плюсы»

1 чэрвеня, 22:32

Экс-баскетбалістка «Гарызонта» ўкраінка Аляксандра Хамянчук у інтэрв'ю «Зеркалу» расказала пра час, калі спартсменка выступала за каманду з Мінска.

– Чым вам запомніўся час у «Гарызонце» і Беларусі?

– Уразілі людзі. Вельмі ветлівыя і добразычлівыя. Не памятаю, каб дзесьці да гэтага за мяжой мне не толькі падказалі незнаёмы адрас, але і ўзялі за руку і давялі. Хоць чалавек ішоў у іншы бок. Я звычайна так раблю, але было дзіўна, што так робяць і іншыя. Прыемная нечаканасць! Беларусы падаліся адкрытымі, класнымі, нават крыху наіўнымі. Потым, канешне, ваша чысціня. Уначы яшчэ маглі валяцца абгорткі ад цукерак, недакуркі. Але выйдзеш на трэніроўку ў сем раніцы – ужо чыста.

Што тычыцца палітычнай сітуацыі ў Беларусі, то я асабліва ў гэта не лезла. Пыталася, праўда, дзяўчынак пра Лукашэнку. Былі розныя меркаванні. Тыя, хто яго не падтрымліваў, былі катэгарычныя. А ад тых, хто выступаў за ўладу, не чула выразнага адказу пра плюсы.

– А ў баскетбольным плане?

– Камандай кіраваў Анатоль Буяльскі (экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі – Tribuna.com). Ён мне моцна дапамог, вярнуў упэўненасць. Да «Гарызонта» не да канца ўяўляла, на якім узроўні здольная гуляць. Анатоль Сяргеевіч усё дакладна тлумачыў, падтрымліваў. І вынікі ў нас былі выдатнымі. Ведала, што магу параіцца з трэнерам па любым пытанні. Памятаю, атрымала прапанову з Турцыі. Буяльскі абмаляваў усе плюсы і мінусы пераходу. І я вырашыла яшчэ на нейкі час застацца ў «Гарызонце».

– Якая была атмасфера ў калектыве?

– Гульцы падбадзёрвалі адзін аднаго, медыцынскі персанал, трэнеры – усе былі на адной хвалі. На прыкладзе іншых каманд бачыла, наколькі разбуральнымі могуць быць адносіны паміж галоўным трэнерам і дырэктарам клуба. А ў «Гарызонце» адчувалася адзінства, – сказала Хамянчук.