Вяргун пра сезон «Мiнска» ў Расii: «Пры ўдачы можна было разлічваць на 11-е месца з 12, але вышэй наўрад ці»
Галоўны трэнер «Мінска» Расціслаў Вергун пракаментаваў выступленне каманды ў Адзінай Лізе ВТБ, дзе мінчане выйгралі толькі 3 матчы і завяршылі сезон на апошнім, 12-м, месцы.
– Мінулы сезон, мусіць, пакінуў дваякае ўражанне?
– Сезон заўсёды дзеліцца для нас на гульні на міжнародных турнірах і матчы ў беларускім першынстве. З чэмпіянатам усё зразумела: задача адна – першае месца. А з Лігай ВТБ атрымаўся такі вельмі цяжкі сезон, у эмацыйным плане перш за ўсё, для мяне як для спецыяліста. Але ўсё было дастаткова чакана. Я ведаў, навошта мы ідзём. Як сказаў кіраўнік, гэта нейкага роду эксперымент. Цяжкія гульні, цяжкі сезон, цяжкія часы нараджаюць моцных людзей, і ёсць хлопцы, якія спаўна скарысталіся гэтай магчымасцю. Набраліся вельмі добрага досведу, спрагрэсавалі істотна. У плане выніку пры ўдалым збегу абставінаў, адсутнасці траўмаў у ключавых гульцоў, можна было разлічваць на адзінаццатае месца, але вышэй за гэта ... Наўрад ці.
– Можаце сказаць, што мінулы сезон стаў для вас самым цяжкім у руля «Мінска»?
– Для мяне адназначна. Не магу казаць за ўсіх гульцоў, але я другога такога сезона не хачу. І нікому не жадаю.
– Думаць пра выхад у плэй-оф камандзе з самым нізкім бюджэтам у Лізе вельмі складана. Накаўт-раўнд – ужо будзе подзвіг?
– Мне ўсё так і кажуць. Калі ты зможаш з такой камандай паказаць вынік, гэта гаворыць аб тым, што ты моцны трэнер. Наша задача – максімальна выкарыстоўваць рэсурс, які ў нас ёсць, і паралельна паспрабаваць даць прастору для развіцця выхаванцаў клуба. Часам падаецца, што гэтыя дзве задачы складана аб'яднаць, але мы спрабуем. Ёсць у нас свая канцэпцыя, філасофія. Мы нестандартны клуб, гэта адназначна. Не заўсёды гэта атрымліваецца добра, заўжды здаецца, што можна зрабіць лепш. Але мы верым, што і наш шлях мае права на жыццё. І калісьці ён прынясе нам важкія перамогі, – сказаў Вяргун.