Усе навіны

Кацярына Сныціна: «У мяне мінімальны кантакт агулам з беларусамі ўнутры Беларусі, адна з прычын – берагчы сябе»

23 траўня, 17:39

Экс-баскетбалістка зборнай Беларусі Кацярына Сныціна, якая 19 мая правяла апошні матч у кар'еры, расказала пра камунікацыю з беларускімі спартсменамі.

«З усіх спартсменаў, з кім я калі-нікалі камунікавала, з усіх баскетбалістак, з кім правяла нейкі час у зборнай, мне, нават калі мы выйгралі еўракубак, напісалі толькі два чалавекі. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра камунікацыю адтуль.

Я першапачаткова сама не ініцыявала дыялог са спартсменамі, якія заставаліся там, у мяне не атрымлівалася размаўляць з тымі, хто займае супрацьлеглую пазіцыю, хто падтрымлівае рэжым. У мяне няма на такое энергіі, хаця многія мае знаёмыя спартсмены ўпарта камунікуюць з тым бокам, нешта ім даказваюць.

У мяне мінімальны кантакт агулам з беларусамі ўнутры Беларусі. Падаецца, адна з прычын тут ва ўсіх – берагчы сябе. Бо ў мяне высмоктвалася энергія, калі мне прыходзілася сутыкацца з людзьмі, якія незадаволеныя тым, як мы змагаемся тут і як яны жывуць там. І я зразумела, што ёсць два варыянты: ці размеркаваць сябе ўсю на людзей, ці сабраць энергію ўнутры, пакінуць яе сабе. Усё ж апошнім часам я і так адчуваю, што мне цяжка маральна: марафон зацягваецца. І цяпер для мяне самая складаная стадыя, дзе ты проста перастаўляеш ногі і пакуль што не бачыш, дзе наступны паварот», – сказала Сныціна.