Многія скончылі, нехта займеў сям'ю, з турнірамі ўсё сумна. Як справы ў некалі самай папулярнай зборнай Беларусі?
Вось што засталося ад «буяльскіх дзяўчат».
Вясной 2022-га года Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) прыняла рашэнне адхіліць усе зборныя Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў. Гэтыя захады сталі вынікам суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
З тых часоў пра некалі самую папулярную і паспяховую жаночую каманду краіны – зборную па баскетболе, якая пад кіраўнііцтвам Анатоля Буяльскага ўзяла бронзу на Еўрабаскеце-2007 – практычна нічога не чуваць. Расказваем, чым апошнім часам жыла каманда.
Многія зборніцы завяршылі кар'еры
На матчы кваліфікацыі Еўрабаскета-2023 у лістападзе 2021-га, галоўнаму трэнеру каманды Наталлі Трафімавай удалося сабраць ледзь не аптымальным склад. Тады, нават без Алены Леўчанкі і Кацярыны Сныцінай, удалося абгуляць Чэхію (66:60) і Нідэрланды (83:72). І, як стала зразумела пазней, то былі апошнія на сёння матчы беларусак пад эгідай ФІБА.
За час міжнароднага бана сваю кар'еру завяршыў шэраг гульцоў. Улетку 2022-га разыгрываючая Аляксандра Тарасава (ёй было 34) стала трэнеркай у берлінскай «Альбе», і ўжо спрычынілася да заваявання першага ў гісторыі клуба чэмпіёнства.
Больш узроставая Вольга Зюзькова пасля бана гуляла яшчэ два сезоны – 41-гадовая баскетбалістка скончыла толькі гэтым летам. Яшчэ падчас гульнявога сезона яна спрабавала свае сілы ў якасці трэнера ў СДзЮШАР «Мінска», аднак пратрымалася там нядоўга. Па нашай інфармацыі, у спартсменкі ўзнік канфлікт з кіраўніцтвам, і яна пакінула школу. У жніўні 2024-га Зюзькова ўзначаліла моладзевую каманду «Гарызонт»-2-РЦАП і правяла з ёй ужо тры матчы чэмпіянату – перамагла моладзеўку «Гомельскіх рысяў» (84:35) і «Вікторыю» (73:55) і разгромна саступіла «Мінску» (48:100).
Ціха завяршыла кар'еру 30-гадовая Марына Івашчанка. Сезон 2022/23 форвард правяла ў швейцарскім «Геліёсе». Мяркуючы па сацсетках спартсменкі, менавіта ў гэтай краіне яна правяла большую частку гэтага году.
Дзяўчына спрабуе развівацца як фатограф.
Прапусціла мінулы сезон 27-гадовая Ганна Брыч. Свой апошні гульнявы год цэнтравая правяла ў Албаніі, пасля чаго пра яе няма ніякіх навін.
Затое самые статусныя ветэраны зборнай – 38-гадовая Юлія Рыцікава, 37-гадовая Анастасія Верамеенка і 36-гадовая Вікторыя Гаспер – не спяшаюцца сыходзіць. Усе яны працягваюць выступаць за «Гарызонт», а Рыцікава, чый муж – носьбіт формы засвяціўся падчас разгону пратэстаў-2020, за час адхілення зборнай паспела схадзіць у дэкрэт і вярнуцца (4 сакавіка 2023 года спартсменка нарадзіла другога сына). А яшчэ Рыцікава, найлепшая баскетбалістка мінулага года па версіі «Прэсбола», засвяцілася на лукашэнкаўскім УНС вясной гэтага года.
36-гадовая Таццяна Ліхтаровіч хоць і не аб'яўляла пра завяршэнне кар'еры ў зборнай, але ў каманду не прыязджала. Ці то ёй самой нецікава ўдзельнічаць у пацешных спарынгах, ці то федарцыя мае нейкія пытанні да спартсменкі. Пры гэтым Ліхтаровіч працягвае гуляць за люксембургскі «Эш».
(Таццяна Ліхтаровіч пад нумарам 6)
30-гадовая Марыя Папова і 34-гадовая натуралізаваная амерыканка Алекс Бэнтлі працягваюць выступаць за наймацнейшы расійскі клуб УГМК -– у сезоне 2023/24 яны заваявалі чарговы чэмпіёнскі тытул.
У гэтым сезоне пакуль без клуба 31-гадовая Дар'я Магаляс, якая ў мінулым сезоне гуляла ў маскоўскім «Дынама». Апошнім публічным з'яўленнем спартсменкі стала аўтограф сесія падчас святкавання рэжымнага дня горада ў Мінску.
Калі б зборную Беларусі разбанілі проста цяпер, то за досвед у ёй адказвалі б тыя, хто ў свой час атрымаў зусім няшмат гульнявой практыкі на міжнароднай арэне. 25-гадовая Арына Масько, якая мінулы сезон правяла ў новасібірскім «Дынама» з Д2 Расіі, а зараз будзе выступаць у гэтай жа лізе за «Енісей» (Краснаярск).
26-гадовая Яніна Інкіна мусіла правесці свой чацвёрты сезон у расійскай «Руне» і нават паспела адпрацаваць з камандай зборы ў Турцыі. Але ў канцы верасня ў некаторых тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што дэбютант расійскай «вышкі» зняўся з турніру праз фінансавыя праблемы. Раней такі лёс напаткаў і мужчынскую каманду «Руны» у Лізе ВТБ.
23-гадовая Юлія Васілевіч, якая лічылася адной з самых перспектыўных баскетбалістак Беларусі, за час бана паспела выйсці замуж за беларускага арбітра Максіма Троцкага.
Улетку 2022-га Васілевіч перабралася ў маскоўскае «Дынама», за якое будзе гуляць і ў гэтым сезоне.
У траўні гэтага года генеральны сакратар федэрацыі Анастасія Марыніна заявіла, што, нягледзячы на ўсе перамены, узровень зборнай Беларусі не тое, што не ўпаў, а нават павысіўся за кошт «маладых спартсменак». Пра тое, што гэта за маладыя спартсменкі, мы расказвалі ў адмысловым артыкуле (і тут словам лукашысткі нельга верыць):
Адбыліся змены ў трэнерскім штабе
Што тычыцца трэнерскага штаба, то кіруе камандай усё гэтак жа Наталля Трафімава, якая была капітанам у камандзе Буяльскага, а асістуе ёй Аляксей Пынцікаў – былы гулец мужчынскай зборнай. Затое за час бана штаб пакінуў сербскі асістэнт Златан Прэшыч. Федэрацыя не тлумачыла, з якіх прычын, аднак пазней апублікавала пост, з якога вынікае, што ў мужчыны сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Больш не працуе са зборнай і трэнер па агульнафізічнай падрыхтоўцы Уладзіслаў Мілашэўскі – беларускі спецыяліст ужо не першы сезон уладкаваны ў штабе расійскай «Надзеі» (Арэнбург) з Д1.
(Мілашэўскі крайні злева)
Спарынгі ў зборнай вельмі сумныя
З турнірамі ў адхіленай зборнай усё вельмі сціпла. У 2022-м яна абмежавалася двума вучэбна-трэнавальнымі зборамі для кандыдатаў у каманду – Трафімава хацела ўбачыць бліжэйшы рэзерв. На адным з іх засвяцілася адна з самых дасведчаных баскетбалістак каманды Папова – магчыма, прыязджала, каб перадаць вопыт.
У лютым 2023-га зборныя Расіі і Беларусі правялі спарынгі ў Мінску, назваўшы гэта «Кубкам дружбы». Беларускі асноўным складам перамаглі 63:45, а моладзевым саступілі 61:71.
У чэрвені 2023-га ўжо беларускі выправіліся ў Расію быццам бы на міжнародны турнір «Пары матч» – па факце тыя ж спарынгі з расіянкамі. Падапечныя Трафімавай пры адсутнасці ветэранаў прайгралі і асноўнай расійскай камандзе (50:104), і моладзевай (70:93).
Апошні раз жаночая зборная збіралася сёлета ў лютым, каб схадзіць у нацыянальны гістарычны музей і...яшчэ раз згуляць з Расіяй.
Хоць каманда амаль і не гуляе і ўвогуле не прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, баскетбалісткі, якія стаяць на стаўцы ў так званым міністэрстве спорту, працягваюць атрымліваць заробак. Ён, па нашай інфармацыі, складае 700-800 рублёў на месяц.