Экс-трэнера зборнай Беларусі са скандалам пагналі з польскага клуба за тое, што падняў руку на лідара
Але некаторыя заўзятары за коўча заступіліся.
Аляксандра Круцікава і «Асторыю» з польскага Быдгашча звязваў не адзін год супрацы. Беларускі трэнер упершыню ўзначаліў клуб яшчэ ў 1996-м, затым прыходзіў у 2002-м – і вывеў «Асторыю» ў элітны дывізіён.
Потым спецыяліст працаваў у цэлым шэрагу клубу Польшчы, трэнаваў у Германіі і Расіі, узначальваў «Цмокі», а з 2015-га па 2019-ы кіраваў зборнай Беларусі. У студзені 2020-га Круцікаў ізноў прыехаў працаваць у Быдгашч, дзе пачаў кіраваць моладзевым баскетболам і ўзначаліў рэзервовую каманду, якую ў сезоне 2022/23 вывеў у Д3. У сакавіку гэтага года прыняў ужо аснову пасля адстаўкі Кшыштафа Шубардзэ – з ёй дайшоў да фіналу плэй-оф, але там каманда саступіла і не здолела заваяваць пуцёўку ў эліту.
Гэты сезон Круцікаў ізноў пачаў у ролі галоўнага трэнера рэзервістаў. У першым двух матчах польскага Д3 каманда атрымала перамогі, а далей былі дзве паразы. Падчас апошняга матча з «Акадэміяй Гартатай» (66:71) у трэнера здалі нервы. У трэцяй чвэрці яго падапечны Мацей Заблоцкі зарабіў пяты фол і адправіўся на лаўку. Трэнер пачаў яму эмацыйна нешта вымаўляць. Гулец адказаў, пасля чаго Круцікаў падбег, адной рукой схапіў гульца за футболку, а другой махнуў, паказваючы, каб гулец адпраўляўся прэч з пляцоўкі. Увогуле, трэнер выглядаў на тым адрэзку матча вельмі знерваваным:
Санкцыі да Круцікава не прымусілі сябе чакаць. Ужо на наступны дзень пасля матчу клуб паведаміў пра «неадкладнае» скасаванне кантракту, аднак прычыны такога кроку прэс-служба не ўдакладніла. Затое адстаўку спецыяліста для рэгіянальнага канала TVP3 пракаментаваў прэзідэнт «Асторыі» Барталамей Дзедзей. З яго слоў вынікае, што прычынай скасавання кантракту сталі менавіта паводзіны Круцікава ў дачыненні да Заблоцкага:
«У нашым клубе пэўныя паводзіны не прынятыя, і мы не дапусцім такіх паводзінаў, якія мелі месца падчас матчу ў дачыненні да гульца. Калі такія паводзіны былі б у дачыненні да кагосьці з клуба ці заўзятараў, то некаторыя рэчы непрымальныя, таму кіраўніцтва прыняло рашэнне неадкладна скасаваць кантракт з трэнерам Круцікавым».
TVP3 Быдгашч таксама звярталася па каментар да беларуса, але той не стаў нічога казаць.
А што за гулец, на якога наехаў спецыяліст? Заблоцкаму 20 гадоў. Выступае на пазіцыі цяжкага форварда. У гэтым сезоне з’яўляецца лідарам каманды па пунктах – мае іх 68 у чатырох матчах. У мінулым сезоне прыцягваўся да гульняў у першай камандзе, але там замацавацца не здолеў (9 матчаў, 7 пунктаў).
Заўзятары «Асторыі» па-рознаму адрэагавалі на адстаўку Круцікава. Былі тыя, хто ўхваліў рашэнне:
«Што тут казаць... паталогія. Мне як заўзятару сорамна, што ён узначальваў першую каманду ў мінулым сезоне».
«І вельмі добра, нарэшце. Я была здзіўлена тым энтузіязмам, калі гэты чалавек стаў трэнерам. Я не раз назірала за яго паводзінамі падчас матчаў і была ўзрушаная, што такі чалавек працуе з моладдзю. Ён павінен быў быць адсунуты значна раней. Роля трэнера палягае не ў гэтым. Перадаю прывітанне бацькам, якія дазвалялі гэтаму адбывацца. Такіх трэнераў становіцца больш, і агрэсія, якую яны перадаюць сваім падапечным, на жаль, відавочная падчас матчаў».
«Такіх сітуацый не павінна быць... Крыху шкада Круцікава. Яшчэ і па-маладому праехаўся. Фігура для клуба заслужаная, але цяпер ад яго працы застанецца асадак, прычым даволі істотны...»
«Нарэшце, ужо не той час, калі можна было тэрорам прымушаць да гульні маладых»
Але былі і тыя, хто заступаўся за Круцікава ці проста казаў пра яго цёплыя словы:
«Вельмі добры трэнер, з харызмай, «старой школы», вельмі патрабавальны, чакае падпарадкавання, таму што камандзір толькі адзін. З вялізным трэнерскім майстэрствам. Такіх трэнераў зразумеюць, хутчэй, толькі спартсмены – пры ўсёй павазе да бацькоў-заўзятараў і сем’яў, таму што яны з’яўляюцца вельмі важнай часткай усёй клубнай стуктуры.
Неймаверна, каб гулец, садзячыся на лаўку, размахваў рукамі трэнеру – жэсць. А калі такое здараецца, то наступствы прадказальныя. У любой дысцыпліне такі гулец, у добрага трэнера, на 90% трапляе ў распранальню. Таксама паводзіў сябе цяперашняй трэнер першай каманды Ігар Мілічыч, калі некалькі гадоў таму прыехаў з «Анвілем» на перадсезонны турнір. Нейкі гулец сядаў на лаўку і крыўдзіўся, а Мілічыч падбег да яго нос да носа, тузануў за плячо і паказаў шлях у распранальню.
Шкада, што ўсё гэта адбылося».
«Вы не памятаеце, як раней трэнавалі каманды. Як фармаваліся спартсмены. Цяпер гэта відаць па Алімпіядзе і па зборных «капальнікаў» (абраза прафесійных спартсменаў – Tribuna.com). Драма. Я заканчваю гэтую тэму, таму што мы не дамовімся».
«Шкада, што трэнер заканчвае з «Асторыяй» такім чынам. Дзякуй за вернасць і адданасць клубу, але часы мяняюцца, і трэба ўкладваць сродкі ў сучасныя метады навучання. Круцікаў – безумоўна важная фігура ў гісторыі «Асторыі». Удачы».