Сныціна трэнуе клуб, з якім прыгожа скончыла кар’еру. Той скаціўся да апошняга месца ў Англіі пасля перамогі ў Еўракубку
«Не ўпэўнена, што дзяўчынкі атрымліваюць заробак».
У 2024 годзе адна з найлепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі Кацярына Сныціна скончыла кар’еру. Як распавяла сама спартсменка, асноўнай падставай для рашэння стаў не ўзрост – уладальніца бронзавага медаля Еўра-2007 проста «больш не кайфуе» ад баскетбола.
Апошні матч Сныцінай адбыўся 19 траўня. У фінале чэмпіянату Англіі яе «Лондан Лаянс» перамог «Ньюкасл» і дзякуючы гэтаму аформіў трэбл: да таго ўзялі ўнутраны Кубак і першы для Вялікабрытаніі Еўракубак – другі па класе клубны трафей Еўропы. Цяжка прыдумаць больш прыгожае развітанне.
Але канчаткова з баскетбола Сныціна, як аказалася, не сышла. Некалькі дзён таму ў Instagram былой спартсменкі (знаходзіцца ў рэжымным спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў») з’явіліся відэа з трэнінгу жаночай каманды «Лондан Лаянс».
Беларуска ўдзельнічала ў працэсе ў якасці трэнера:
«Правяла свой 2-гадзінны трэнінг з камандай. Гэта быў цікавы досвед, накрычалася. Зразумела, чаму на нас заўсёды трэнеры крычалі: не маглі выканаць іх патрабаванні», – расказала Сныціна.
А яшчэ экс-баскетбалістка распавяла пра стан спраў апошняга клуба ў сваёй кар’еры. Тут ёсць чаму здзівіцца – чэмпіёнкі Англіі (прычым трымалі трымалі тытул чатыры гады запар) займаюць апошняе месца ў чэмпіянаце-2024/25 з шасцю паразамі ў шасці матчах.
«Яшчэ ў сярэдзіне мінулага сезона клуб даведаўся, што больш не будзе падтрымкі ад амерыканскай кампаніі. Экстранна шукалі іншыя грошы.
Здаецца, «Жальгірыс» стаў новым спонсарам, але вырашыў моцна не выдаткоўвацца на жаночую каманду. Я нават не ўпэўненая, што дзяўчынкі атрымліваюць заробак. У мяне ў камандзе сёння баскетбалісткі 16-20 гадоў, хтосьці з іх працуе, хтосьці вучыцца. Трэнавацца камандай у іх атрымліваецца толькі двойчы на тыдзень.
Пра нейкія спартыўныя вынікі казаць цяжка. Яшчэ няма аніводнай перамогі ў чэмпіянаце, але будзем працаваць над гэтым», – сказала Сныціна.
Крыху ўдакладнім інфармацыю. З 2020 года спонсарам «Лондан Лаянс» была амерыканская прыватная інвестыцыйная кампанія 777 Partners. Фонд мае вядомасць у спартыўным свеце: у сваім партфелі мае акцыі некалькіх футбольных клубаў, тры гады таму набыў «Джэнаа» з Серыі А, а ў 2023-м – «Эвертан» з АПЛ. Але ж рэпутацыя ў 777 Partners вельмі дрэнная, пра што падрабязней можна прачытаць у гэтым артыкуле.
Пасля сыходу амерыканскага інвестара «Лондан Лаянс» аказаўся на мяжы банкруцтва, але пазбег яго. Клуб набыла кампанія Tesonet – мінарытарны акцыянер «Жальгірыса».
Новы спонсар заявіў, што англійскі баскетбольны клуб стане «яшчэ адной платформай для прыцянення маладых талентаў». Але мы ўжо ведаем, што жаночай каманды «Лондана» гэта не датычыцца. Затое ў мужчынскага напрамку няма праблем – другое месца ў чэмпіянаце.
Сам жа клуб напрыканцы жніўня абвясціў пра пачатак «новай эры». Але праз некалькі месяцаў не запрацаваў нават афіцыйны сайт.