Амерыканскіх баскетбалістаў павезлі ў Бабруйск, каб падзяліцца з імі «тонкасцямі стварэння зефірных шэдэўраў» (і не толькі)
Тыя, нібыта, настолькі захапіліся, што пажадалі паспрабаваць сябе ў працы
19 снежня некаторыя баскетбалісты «Барысфена» і супрацоўнікі клуба наведалі бабруйскую фабрыку кандытарскай кампаніі «Чырвоны харчавік». Сярод іх былі і легіянеры з ЗША – Пітар Бёрд і Трэвар Мур. А вось трэцяга амерыканца магілёўцаў на фотаздымках не знайшлося, Амір Дод не змог ці не захацеў пазнаёміцца з вытворчасцю зефіра, мармеладу і іншых прысмакаў.
Затое яго суайчыннікам, здаецца, спадабалася. Прынамсі фотаздымкі з імі атрымаліся вясёлымі.
Прэс-служба клуба выклала пост па выніках паездкі. У ім Бабруйск чамусьці названы іх горадам, а баскетбалісты «Барысфена» – гасцямі самога ж клуба. Вядома, гэты сказ быў проста скапіяваны з сайта «Харчавіка», а разам з ім і сцверджанні пра «асаблівасці і тонкасці стварэння зефірных шэдэўраў», якімі падзяліліся са спартсменамі.
У допісе таксама сцвярджаецца, што асаблівае захапленне ў наведнікаў выклікаў участак ручной глазуроўкі. Прычым настолькі моцна, што тыя вырашылі паспрабаваць самі папрацаваць у ім. Сярод фотаздымкаў можна заўважыць сведчанні гэтаму, аднак у дачыненні да паспяховасці акцыі гаворыцца трохі расплывіста – яе вынікі не згадваюцца зусім, а ўсё апісанне складаецца з «можна сказаць, даволі паспяхова». Выходзіць, нам застаецца толькі здагадвацца, ці навучыўся Пітар Бёрд з далёкай Амерыкі глазураваць зефір.