Трэнер, які быў лузерам з «Мінскам», выйграў Кубак Расіі. Вось як гэта ў яго атрымалася
Іншая каманда і спрыяльныя абставіны.
Расціслаў Вяргун пасля заканчэння гульнявой кар’еры стаў трэнаваць у «Мінску», які тады яшчэ зваўся «Цмокамі». Спачатку працаваў асістэнтам, трэнаваў дубль, а ў студзені 2019-га ўзначаліў першую каманду.
Ва ўнутрыбеларускіх спаборніцтвах пры Вергуне клуб працягваў дамінаваць і нават зведаў некаторыя поспехі ў Еўропе – былі і чвэрцьфінал Кубка ФІБА-2019/20, і групавы этап ЛЧ-2020/21. Аднак асноўным турнірам для «Мінска» заставалася Ліга ВТБ – і там усё было вельмі сціпла: усяго 16 перамог у 125 сустрэчах (12,8%) і апошнія месцы ў пяці з шасці сезонаў.
У мінулым сезоне клуб наогул устанавіў антырэкорд лігі па колькасці паражэнняў (39 у 40 матчах), праўда, Вяргун спрычыніўся толькі да часткі гэтага «дасягнення», бо падаў у адстаўку пасля 16-й няўдачы запар.
Але без працы заставаўся нядоўга – усяго праз некалькі дзён узначаліў «Уралмаш» з Екацярынбурга. І там дэманструе вынікі значна лепшыя: праз этап прайграўшых з камандай прабіўся ў плэй-оф, дзе ва ўпартай барацьбе саступіў «Зеніту» – серыя доўжылася ўсе пяць матчаў, у вырашальным каманда Вергуна саступіла ўсяго тры пункты.
Далей быў поспех у Кубку Расіі, дзе атрымалася ўзяць бронзу. Вяргун на медаль адрэагаваў вельмі эмацыйна – выдаў пранікнёную прамову ў распранальні, падчас якой ледзь не раплакаўся. А яшчэ чамусьці назваў Расію «нашай краінай», хаця сам нарадзіўся ва ўкраінскім Чарнігаве, у які не раз прыляталі расійскія бомбы.
У гэтым сезоне «Уралмаш» ужо дакладна выступіць не горш. У лізе ВТБ каманда практычна гарантавала сабе месца ў першай шасцёрцы, адкуль адправіцца ў этап пераможцаў, а потым наўпрост у плэй-оф. А 16 сакавіка Вяргун выйграў першы трафей з «Уралмашам» – у фінале Кубка Расіі быў абгуляны «Ніжні Ноўгарад» 78:59. У распранальні беларускага трэнера аблілі шампанскім, а затым ён на англійскай і рускай мовах выдаў пераможную прамову:
Разам з Вергуном пераможцам Кубка Расіі стаў Яўген Белянкоў. У фінале беларускі лёгкі форвард правёў на пляцоўцы 32:23 хвіліны (больш за ўсіх у камандзе), набраў 11 пунктаў (чацвёрты вынік) і здзейсніў сем падбораў (больш за ўсіх).
Адзначым, што з «Ніжнім Ноўгарадам» у гэтым сезоне «Уралмаш» гуляў ужо пяты раз. І кожны раз перамогу святкавалі падапечныя Вергуна, прычым чатыры разы рабілі гэта з двухзначным лікам. Тым не менш у Лізе ВТБ каманды суседнічаюць у табліцы – «Уралмаш» ідзе пятым, а «Ніжні Ноўгарад» – радком ніжэй.
Акрамя гэтых каманд з Лігі ВТБ у цяперашнім розыгрышы Кубка Расіі бралі ўдзел толькі «Парма» (7-е месца) і МБА (9-е). А вось лідары лігі – ЦСКА, «Зеніт» і УНІКС – адправілі ў турнір другія каманды. Магчыма, каб сэканоміць на заяўным унёску (5,6 тысячы долараў для рэзервістаў замест 7,5 для асновы), але куды хутчэй праз тое, што ў Кубку дзейнічае ліміт на легіянераў – не больш за два ў складзе.
Нагадаем, што са снежня 2019-га Вяргун узначальвае зборную Беларусі. У жніўні 2021-га каманда прабілася ў трэці раўнд адбору на чэмпіянат свету-2023, аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022-га пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ФІБА адхіліла каманду ад міжнародных спаборніцтваў. У іх адсутнасць зборная Беларусі за тры гады правяла ўсяго тры спарынгі, і ўсе яны мелі месца ў чэрвені 2023-га: з «Астаной» (57:77) і двойчы з Расіяй (83:80, 78:83). Вяргун тлумачыў, што кожны збор каманды «нясе пэўныя выдаткі», таму ў федэрацыі вырашылі рыхтаваць маладых баскетбалістаў (у ліпені 2024-га Вяргун праводзіў кэмп для гульцоў не старэйшых за 20 гадоў) і чакаць адмены бана, які 14 сакавіка ФІБА працягнула як мінімум да траўня.
Вяргун лічыць, што для зборнай Беларусі ўжо вырасла цэлае пакаленне «правільна выхаваных хлопцаў», якія, калі спатрэбіцца, «пакажуць на баскетбольнай пляцоўцы ўсё, што змогуць паказаць».