Усе навіны

Ігар Брышцель: «З 2020-га мяне не выклікалі ў зборную Беларусі, прычына – прыняў бок нязгодных з вынікамі выбараў»

26 траўня, 10:13

Сяміразовы ўладальнік звання найлепшага гульца Беларусі ў пляжны футбол Ігар Брышцель у «пакаянным» інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Прэсбола» Сяргею Лісічкіну заявіў, што яго больш за два гады не выклікалі ў зборную краіны з-за яго палітычнай пазіцыі, нягледзячы на жаданне галоўнага трэнера каманды Нікаласа Альварады бачыць футбаліста ў камандзе.

Нагадаем, Брышцель падпісаў апублікаваны 15 жніўня 2020 года ліст прадстаўнікоў зборнай Беларусі па пляжным футболе, у якім яны заклікалі да правядзення сумленных прэзідэнцкіх выбараў, вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення гвалту сілавікоў Лукашэнкі. 2 лістапада 2020-га стала вядома, што тых, хто падтрымаў гэты ліст, пазбаўляюць статусу гульцоў зборнай, не падаўжаючы кантракты з Міністэрствам спорту Лукашэнкі. У лютым 2023-га Брышцель быў зноў выкліканы ў каманду.

– З 2020 года мяне перасталі выклікаць у зборную. Прычына – падзеі ў краіне і мая рэакцыя на іх. Праз час, вядома, прасцей даваць ацэнку.

Атрымалася так, што прыняў бок хлопцаў, якія былі не згодныя з [абвешчанымі рэжымам Лукашэнкі] вынікамі [прэзідэнцкіх] выбараў. Думаў, усё раблю дзеля добрай справы, падтрымліваючы сваіх.

Нас проста ўцягнулі ў гэтую гісторыю. У нас у зборнай ёсць група ў месенджары. Мяне ў краіне не было, калі пачалося актыўнае абмеркаванне. Назіраў як бы з боку. Проста паставіў плюсік на меркаваннi. Адразу пасыпалася процьма званкоў з просьбай пракаментаваць, выказацца, даць інтэрвʼю. Я хутка ад усяго адвярнуўся – не мая справа. Патлумачыў, што ў гэтым не разбіраюся. Але было ўжо позна – мяне з астатнімі ад зборнай адхілілі на нявызначаны тэрмін.

– Цяпер вы зноў у складзе [зборнай Беларусі]. Што адчуваеце?

– Для мяне гэта абавязкова свята. У зборную ляцеў як на крылах, з выдатным настроем.

– Ніхто скоса не глядзеў пасля вашай доўгай адсутнасці?

– Дык я ж нікуды не знікаў! Быў з хлопцамі на сувязі, з трэнерскім штабам меў зносіны, з кіраўніцтвам федэрацыі размаўляў пра вяртанне ў зборную. Ніякіх касых поглядаў не было і няма.

Галоўны трэнер [зборнай Беларусі Нікалас Альварада] мяне падтрымліваў у той няпросты перыяд, казаў, што чакае і хоча бачыць мяне ў камандзе. І гэта давала вялікую надзею.

– Зборная – гэта…

– ...найлепшая каманда на планеце. Тут сабраныя наймацнейшыя футбалісты краіны. У кожнага ёсць мара сюды патрапіць. Згуляць у зборнай Беларусі – велізарны гонар, адказнасць і прэстыж. Вядома, да яе заўсёды выяўляецца вялікая цікавасць. Для кожнага гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць паказаць сябе на міжнароднай арэне. Як мы ў замежныя клубы патрапілі? Толькі праз зборную. Не будзь зборнай, я ў сябе ў Кобрыне здзіўляў бы гледачоў тэхнікай і фінтамі, – заявіў Брышцель.