Ігар Брышцель: «Барацьба ў Кубку свету будзе напружаная – не сказаў бы, што зборная Беларусі цяпер знаходзіцца на піку»
Форвард зборнай Беларусі па пляжным футболе Ігар Брышцель выказаўся пра выступленне каманды ў кваліфікацыі Кубка свету.
– Нашы супернікі добра правялі свае першыя групавыя этапы. Швейцарыя перамагла ва ўсіх чатырох матчах, Данія толькі ў адным паядынку саступіла. Рыхтаваліся да адбору, усе хочуць на чэмпіянат свету, таму барацьба будзе напружаная. Плюс ёсць і італьянцы. Дрэнна, што правялі так мала гульняў.
– Ці не страчаныя кандыцыі і гульнявы тонус, якія былі набраныя ў Суперфінале Еўралігі?
– Пасля Бельгіі была паўза два дні. Затым мы гулялі з малдаванымі, была прыкметная адсутнасць гульнявога тонусу, паўнавартасна яго набралі толькі да трэцяга перыяду, нейкія звязкі пачалі атрымлівацца. І зноў паўза. Не ведаю, як гэта адаб'ецца.
– Кажуць, што пясок вельмі глыбокі і адрозніваецца ад таго, які быў у Італіі.
– Так, у Італіі можна сказаць, што яго не было, як паркет. Тут ужо адаб'ецца падрыхтоўка кожнай зборнай. Не сказаў бы, што мы цяпер знаходзімся на піку. У нас стаіць задача не толькі адабрацца на ЧМ, але і заваяваць першае месца ў адборы, – распавёў Брышцель.