Нікалас Альварада: «Кожнай еўрапейскай зборнай вельмі складана на чацвёртым Кубку свету запар»
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па пляжным футболе Нікалас Альварада расказаў пра гатоўнасцькаманды да чэмпіянату свету.
Турнір стартуе 1 мая на Сейшэльскіх Астравах. Беларусы пачнуць удзел з матча з гаспадарамі.
– З якім настроем адправіліся на чацвёрты для вас у якасці трэнера зборнай Беларусі чэмпіянат свету?
– Я вельмі ўсхваляваны і задаволены тым, што апынуўся на чацвёртым Кубку свету запар менавіта з гэтай камандай. Таму што ўпэўнены: кожнай еўрапейскай зборнай вельмі складана дабіцца такога выніку.
– Ці ўсё ў парадку з футбалістамі?
– Яны знаходзяцца ў аптымальным фізічным і эмацыйным стане.
– На ваш погляд, зборная Беларусі на год пастарэла або стала больш вопытнай?
– Без сумневу, футбалісты сталі больш сталымі і дасведчанымі. З папярэдняга чэмпіянату свету прайшоў год. Відавочна, што за гэты час каманда стала яшчэ мацнейшай.
– Наколькі падрыхтоўка да цяперашняга майскага чэмпіянату свету адрознівалася ад леташняй, калі мундыяль праходзіў у лютым? Калі вам было прасцей пабудаваць сістэму працы?
– Падрыхтоўка да ўсіх чэмпіянатаў свету адрозніваецца. І штораз яна па-свойму вельмі складаная. Бо тут няма права на памылку. Трэба дакладна ўяўляць, над якімі аспектамі ты хочаш працаваць, думаючы як пра сваю каманду, так і пра супернікаў.
– Як у цэлым ацаніце якасць працы ў гэтым годзе? Ці ўсё прайшло па плане?
– Я думаю, што падрыхтоўка была вельмі добрай. Кожны месяц мы праводзілі трэніровачныя зборы, гулялі матчы са ўсімі топ-камандамі. У кожным з паядынкаў мы ставілі перад сабой розныя мэты, што дазваляла камандзе расці.
– Нейкія новыя тактычныя напрацоўкі прыдумалі?
– Мы заўсёды шукаем новыя падыходы і, канешне, павінны старацца даць камандзе патрэбныя навыкі, каб здзівіць і перамагчы любога суперніка, – сказаў Альварадо.