Усе навіны

Экс-біятланістка зборнай Беларусі Блашко: «Не ведаю, чым менавіта расіяне бамбілі, але ўсё ўспыхвала, як запалкі»

9 студзеня 2023, 17:59
1

Былая біятланістка зборнай Беларусі, якая цяпер выступае ў складзе каманды Украіны, Дар'я Блашко расказала, як перажыла пачатак поўнамаштабнай вайны.

Нагадаем, з 24 лютага Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«У перапынку паміж Алімпійскімі гульнямі і наступным этапам Кубка Свету мы былі на нашай базе ў Чарнігаве. Паспелі патрэніравацца два дні, і пачалася вайна.

У першы дзень нам з маім трэнерам Уладзімірам Махлаевым удалося выстаяць вялікую чаргу, каб зняць наяўныя і закупіць прадукты. Гэта дазволіла нам пратрымацца ў падвале 9 дзён.

Выбухі былі зусім побач: мы думалі, што ўсе вокны выб'е. Затым знікла святло, мы засталіся без ацяплення, водазабеспячэння і не мелі магчымасці прыгатаваць ежу. Пераседжваць там было немагчыма.

Там жылі працаўнікі базы, з якімі мы бліжэй пазнаёміліся ў падвале. Яны запрасілі нас да сябе дадому. Але туды таксама прыйшла вайна. Калі мы былі ў хаце, пачалі абстрэльваць увесь раён, і ў нас выбіла вокны. Мікрааўтобус трэнера таксама пацярпеў.

Пасля нас прытулілі іншыя людзі, а таксама супрацоўнікі нашай базы. 11 сакавіка мы сталі сведкамі страшнага абстрэлу. Не ведаю, чым менавіта расіяне бамбілі, але яны проста ўсё выпальвалі, усё ўспыхвала, як запалкі.

Я ўявіць не магла, што калі-небудзь давядзецца такое ўбачыць. Нейкім цудам нам удалося выехаць на захад краіны, па дарозе спыняючыся ў нашых спартыўных знаёмых.

Тры месяцы я не магла ачуцца і не магла трэніравацца. Некаторыя гукі машын нагадвалі мне вайсковыя самалёты і верталёты, якія абстрэльвалі нас. Мяне палохалі выбухі салютаў.

Мая вінтоўка згарэла разам з нашай цудоўнай базай у Чарнігаве, а другая ложа была пашкоджана ў машыне трэнера.

Але зараз усё наладжваецца. І я, і ўся наша каманда матываваныя як ніколі на лепшыя вынікі, і мы зробім для гэтага ўсё», – сказала Блашко.