Усе навіны

Прэзідэнт СБР Майгураў пра міжнародны бан: «У зборнай Беларусі ёсць канкурэнты для наймацнейшых у свеце. Канечне, сусветны біятлон нешта губляе»

24 студзеня 2023, 15:30

Прэзідэнт Саюза біятланістаў Расіі, экс-біятланіст зборнай Беларусі, Віктар Майгураў пракаментаваў санкцыі ў бок расійскіх і беларускіх спартсменаў, а таксама расказаў пра ўзаемадзеянне Беларускай федэрацыі біятлона і Саюза біятланістаў Расіі з IBU.

– Камунікуючы з хлопцамі і з дзяўчынамі, так ці інакш задаеш ім пытанні пра Кубак свету. Яны сочаць непасрэдна, канечне, за спаборніцтвамі, а некаторыя камунікуюць з біятланістамі. Ці ёсць нейкі канэкт у Саюза біятланістаў Расіі, Беларускай федэрацыі біятлона з IBU зараз?

– Без сумневу, у нас кантакт працягваецца. Мы мяняемся інфармацыяй: што мы робім, як мы робім. Мы таксама сочым адзін за адным са свайго боку. Мы кожны квартал падаём справаздачу па нашай антыдопінгавай працы ў Biathlon Integrity Unit. То бок, ад нас IBU не адварочваецца. Увогуле, чакае, калі мы вернемся.

– Як вы лічыце, Кубак свету, этапы Кубка свету без беларусаў і расіян – яны сталі менш цікавымі для заўзятараў?

– Я думаю, што для кожнага спартсмена важна спаборнічаць з наймацнейшымі. Для сусветнага біятлона і ў складзе расійскай зборнай і ў складзе беларускай зборнай ёсць спартсмены, якія ствараюць канкурэнцыю наймацнейшым спартсменам свету. Таму ў гэтым плане, канечне жа, сусветны біятлон нешта губляе.

– Ну і, напэўна, не менш цікавае і важнае пытанне: канкурэнтаздольнасць, спаборніцкая практыка для спартсменаў, канечне, важныя, але важныя і прызавыя. Напэўна, хацелася бы даведацца і многім заўзятарам у тым ліку, якія яны на Кубку Садружнасці?

– Давайце я скажу прасцей: тут сума прызавых не менш, чым на IBU.

Нагадаем, што IBU адхіліла прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.