Антон Смольскі: «У гэтым годзе фінансаванне не такое, як было ў мінулым. У расiян больш магчымасцяў для змазак, для парашкоў»
Падпісант рэжымнага ліста Антон Смольскі пасля фінішу на чэмпіянаце Расіі ў Іжэўску паскардзіўся на скарачэнне фінансавання беларускай федэрацыі біятлону. Спартсмен фінішаваў трэцім.
Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
– Гонку для сябе ацаню як здавальняючую. Нядрэнная праца атрымалася як на мяжы, так і на трасе. Адзначу, што слізгаценне было крыху тугім: у некаторых лыжы ехалі вельмі добра, у іншых – не вельмі. Адсюль і такія вялікія разрывы. Калі ёсць хаця б мінімальная розніца ў лыжах на вялікіх спусках, то адразу ўтворыцца адставанне.
– Вашы лыжы добра працавалі?
– Не ідэальна, але нармальна.
– Кажуць, што на працягу сезона лыжы беларусаў працуюць лепш, чым лыжы расiян.
– Гэта нейкі міф. У гэтым годзе фінансаванне не такое, як было ў мінулым. У расiян больш магчымасцяў для змазак, для парашкоў, – сказаў Смольскі.
Першы этап чэмпіянату Расіі праходзіць у Іжэўску з 23 па 26 лютага.
