Усе навіны

Дар'я Блашко: «Мне патрэбен быў гэты нуль, каб як мага лепш прабегчы гонку»

3 сакавіка 2023, 23:43

Былая біятланістка зборнай Беларусі, якая выступае за каманду Украіны, Дар'я Блашко пракаментавала забег у жаночым спрынце на этапе Кубка свету ў Нове Места, Чэхія.

– Пасля ЧС быў перапынак. Як вы яго правялі, што рабілі?

– Пасля чэмпіянату свету было рашэнне, што я заканчваю сезон. Але за гэты час змянілася нешта і было вырашана выйсці на старт сёння. У перапынку мы былі ў Рупольдзінгу: трэніравалася ўвесь гэты час, адкатвалася, рабіла сілавую працу, спрабавала проста ўвайсці ў працоўны рэжым.

– Улічваючы ваш стан, як вы сёння адчуваеце сябе на трасе?

– Адчувала сябе нядрэнна, крыху не хапіла хуткасці на апошні круг. Але, я б сказала, што для сённяшняй маёй сітуацыі, гэта вельмі неблагі стан.

– Сёння нават лідары дастаткова шмат памыляліся пры стральбе. Як вам працавалася на агнявых рубяжах?

– Сёння была цяжкая прыстрэлка, таму што сонца заходзіла ўжо, а вецер змяняўся пастаянна. Але мне ўдалося справіцца з такімі ўмовамі, і, шчыра кажучы, я вельмі рада, што ўдалося. Мне патрэбен быў гэты нуль, каб як мага лепш прабегчы гонку.

– Як ацэніце стан трасы ў Нове Места цяпер?

– Стан трасы нядрэнны, улічваючы ўсе фактары, якія ёсць на сёння. І арганізатары спрабуюць зрабіць усё, каб палепшыць умовы на трасе. Скажу, што не было вялікай розніцы паміж першай і апошняй групамі. Вельмі добрая траса была на спрынце.

– Вы сабе далі пэўны час акрыяць ад таго, што з вамі адбылося ў лютым-сакавіку, а ў інтэрв'ю казалі пра тое, што трэба рухацца крок за крокам. Як вы адчуваеце, гэтая ваша методыка працуе?

– Так, я лічу, што гэтая методыка заўсёды працуе, таму што толькі крок за крокам можна дабіцца вынікаў. І, самае галоўнае, прытрымлівацца гэтага і працягваць крок за крокам ісці далей, – сказала Блашко.

У гонцы Блашко стала 43-й.