Усе навіны

Падпісантка праўладнага ліста Смольская пра міжнародныя спаборніцтвы: «Цяпер няма чаканняў, што нас дапусцяць»

16 траўня, 20:34

Падпісантка праўладнага ліста спартсменаў Дзiнара Смольская (Алімбекава) падзялілася меркаваннем пра магчымы допуск беларускіх біятланістаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Цяпер няма ніякіх чаканняў ад новага сезону. Не будзе такога, як у мінулым годзе, калі мы на кожным зборы чакалі, што нас дапусцяць і будзе нейкая добрая інфармацыя. Цяпер такіх чаканняў няма.

– Можна сказаць, што змірыліся?

– Складана сказаць, што змірыліся. Амбіцыі сур'ёзныя. Хочацца спаборнічаць на міжнародных стартах. Але разумеем, што [беларускі] біятлон, хутчэй за ўсё, не стане наступным [відам спорту], які змогуць дапусціць, – сказала Смольская ў эфіры праграмы «Спорт-кадр».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.