Усе навіны

Антон Смольскі: «На Кубку Садружнасці складана сябе матываваць – у канкурэнтах толькі адна каманда»

2 чэрвеня, 20:58

Падпісант прарэжымнага ліста Антон Смольскі падзяліўся меркаваннем пра канкурэнцыю ў сувязі з адхіленнем ад міжнародных спаборніцтваў.

– Ці ёсць нейкія асобныя спартсмены ў Еўропе, па якіх сумуеце, хочаце зноў паспаборнічаць.

- Вядома, хочацца канкурэнцыі. Асобных спартоўцаў не назаву, але, безумоўна, жадаецца спаборнічаць з тымі ж нарвежцамі, шведамі, французамі.

Яны выклікаюць больш спартовай агрэсіі, чым расейскія біятланісты. Ацэньваючы свае адчуванні ад мінулага сезона і сезона, які яму папярэднічаў, разумею, што я быў больш агрэсіўны на спаборніцтвах у 21/22 гадах. Быў больш матываваны, бо ведаў, што мне трэба перамагчы таго ці іншага спартсмена.

У мінулым сезоне цяжка было сябе матываваць таму, што разумееш, што ў цябе ў канкурэнтах толькі адна каманда.

Зразумела, што і на Кубку Садружнасці дастаткова канкурэнцыі, але ўсё ж хочацца больш шчыльнай барацьбы, калі ты змагаешся за кожную секунду.

– А калі тут і зараз здарыцца цуд і беларусам скажуць: «Ідзіце, выступайце на этапах Кубка свету», у нашых спартоўцаў, будзе прыкметная розніца ў класе з-за адсутнасці большай канкурэнцыі? Ці мы нічога не страцілі за гэты час?

– Спартыўны ўзровень, я ўпэўнены, не ўпаў. Мы ж не спынілі трэніравацца і спаборнічаць. У нас атрымаўся вельмі добры аб'ём трэніровачных нагрузак. Нават больш, чым за мінулыя гады. Гэта вельмі важна і дазваляе паляпшаць свой спартовы ўзровень.

Магчыма, ёсць страты ў інвентары. У тэхнічным складніку. Гэта лыжы, палкі, чаравікі, змазка для лыж і гэтак далей, – сказаў Смольскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.