Усе навіны

Алег Рыжанкоў: «У асноўным каманда трэніруецца ў зале. На вуліцы не пастраляеш і не паездзіш»

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Алег Рыжанкоў расказаў, пра тое, як каманда трэніруецца ў Цюмені, дзе на мінулым тыдні адмянілі гонкі кубка Расіі з-за марозу.

«Калі ехалі ў Цюмень, ужо ведалі, што будзе халоднае надвор'е. Прагноз быў несуцяшальны. У панядзелак, аўторак, сераду было яшчэ не так холадна і планавалася правесці старт 6 снежня ў сераду. Але тэмпература не апраўдала чаканні і апусцілася ніжэй за належную. Журы прыняло рашэнне не стартаваць. І з чацвера ўсе каманды, якія тут засталіся, ужо ў асноўным трэніруюцца ў зале.

У чацвер, пятніцу, суботу былі вельмі моцныя экстрымальныя маразы. Ад -35 да -37, і ніжэй апускалася тэмпература. Пры ёй вельмі цяжка працаваць на вуліцы. Хоць ёсць адчайныя спартоўцы, якія выходзілі і, ахінуўшыся, каталіся на лыжах. Але ў асноўным, вядома, класічным ходам, таму што каньковым ходам ты едзеш хутчэй і пякучы вецер можа нанесці непапраўную шкоду твайму здароўю.

Але ў асноўным каманда працуе або ў зале, або на велатрэнажоры. Хоць усё роўна бегаем кросы, цёпла апрануўшыся, закруціўшыся шалікамі, з палачкамі ў руках. Спартсмены не сядзяць склаўшы рукі, яны ўвесь час у працы. Праводзім па дзве трэніроўкі: адна на вуліцы, другая ў зале. Працуем са зброяй. На вуліцы не пастраляеш у такі мароз. І пальцы замярзаюць, і стаіш на адным месцы. У мароз трэба ўвесь час рухацца.

Так, вядома, ведалі, здагадваліся, што будзе такая сітуацыя, прапрацоўвалі розныя варыянты, але нажаль, мы знаходзімся ў жорсткіх рамках, у жорсткіх умовах. Мы не можам памяняць месца сваёй дыслакацыі. Гэта звязана і з лагістыкай, і з квіткамі. Але паўтаруся, тут ёсць усе ўмовы, каб праводзіць трэніроўкі не на вуліцы, а ў памяшканні. Гэта і цір, і трэнажорныя залы», – распавёў Рыжанкоў.